Абрад выклікання дажджу ў вёсках Чачэрскага, Кармянскага раёнаў Гомельскай вобласці

0
493
Абрад выклікання дажджу ў вёсках Чачэрскага, Кармянскага раёнаў Гомельскай вобласці

Людзі здаўна прыкмецілі, што вада з’яўляецца адным з асноўных элементаў светабудовы: без вады няма жыцця. Да вады, што выцякае струменямі (ключамі) з тоўшчы зямлі, ставіліся асабліва паважліва, пра тэта нагадваюць назвы: “ключы”, “жывец” ды інш. Урочышчы, дзе ёсць крыніцы, ушаноўваюцца мясцовымі жыхарамі і ў наш час, хоць далёка не ў той ступені, як гэта было ў сярэдзіне, канцы XX ст. Прычыны гэтага: пераезд жыхароў з вёсак у гарады, памяншэнне насельніцтва ў выніку Чарнобыльскай трагедыі, забруджванне вады шкоднымі рэчывамі, у пэўнай ступені — страта духоўных і нацыянальных каштоўнасцей.

Каля вады (ракі, возера, крыніцы, якімі так багатая Беларусь) у глыбокай старажытнасці здзяйсняліся розныя ахвярапрынашэнні. Так, “у насельніцтва неалітычнай культуры лейкападобных кубкаў, уплывы якой пранікалі і на захад Беларусь існавала традыцыя ў якасці ахвярапрынашэнняў кідаць у прыродныя вадаёмы і балоты гліняны посуд, прылады працы (у аноўным каменныя сякеры), бурштынавыя ўпрыгожванні, мяса, а часам нават людзей. Для такіх мэтаў на берагах вадаёмаў будавалі спецыяльныя памосты, якія выкарыстоўваліся на працягу некалькіх пакаленнняў (Wislanski, 1979. S. 258)” [1, с.7].

У пачатку нашай эры тэрыторьпо паўночна-ўсходняй Польшчы і паўднёва-заходняй Беларусі засялілі плямёны вельбарскай археалагічнай культуры, насельніцтва якой атаясамліваюць з германскім народам готаў. …Высветлена, што готы мелі звычай частку здабытых у ваенных паходах скарбаў (манет, зброі, і г.д.) кідаць у ахвяру багам у рэкі, крыніцы або балоты (Kokowski, 1993.S.88-97; Borodziej, Kokowski, 1986-1990. S. 223-231)” [2, c. 8].

Самае цікавае, што рытуальныя дзеянні, якімі суправаджаліся паганскія абрады больш чым тысячагадовай даўнасці, нягледзячы на забароны з боку царквы і ўлады, захаваліся і выконваюцца ў наш час. Так, летам 2015 г. М.Ф. Юрчанка, 1940 т.н., Г.Р. Смірнова, 1936 г.н. — жыхаркі в. Покаць Чачэрскага раёна цягалі барану на Маскалях (назва часткі вёскі, дзе жылі пераважна стараабрадцы) вакол калодзежа, просячы аб дажджы. У гэтай жа вёсцы ў 1953 годзе для таго, каб пайшоў дождж, жанчыны “шыбнулі” у ваду праз парэнчы драўлянага моста, які быў на рацэ Покаць, з вышыні 3-4 метраў мясцовага пастуха [3, с. 210-211].

Наўрад ці здагадваліся жанчыны пры гэтым, што ў пракаветныя часы такое “шыбанне” было апошяй дарогай для абранага чалавека.

У выніку навукова-даследчай экспедыцыі Веткаўскага (на той час — музея народнай творчасці), якая адбылася ў ліпені 1999 г. у асобных вёсках Чачэрскага, Кармянскага раёнаў, былі атрыманы цікавыя палявыя запісы. Між іншым, даволі частымі былі аповеды пра рытуальнае пахаванне жабкі. Уяўленні, што пасля яго пойдзе дождж, існавалі яшчэ ў старажытнасці. У наш час рытуальныя дзеянні, якія выконваліся пры гэтым, у некаторых вёсках Кармянскага раёна трансфармаваліся ў дзіцячую забаву.

На тэрыторыі Чачэрскага, Кармянскага раёнаў у канцы XX ст. былі распаўсюджаны наступныя рытуальныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб выклікаць дождж. Вядома, гэта толькі тыя дзеянні, якія ўдалося зафіксаваць на працягу кароткага часу экспедыцыі:

  1. Выраб аброчнай тканіны (палатна, ручніка — “абыдзённіка”).
  2. “Лягушку білі, харанілі”.
  3. Абворванне ракі, дарогі, калодзежа плугам, скароджанне бараной.
  4. Разборка плота, зробленага вясной, перад Благавешчаннем.
  5. Кіданне гаршка, пярсцёнка ў калодзеж ці ў рэчку.
  6. Абліванне вадой магілы тапельца, абліванне людзей вадой.
  7. Выліванне вады “у кружцы”; з дома — у двор.
  8. Вынясенне асобных ікон, маленне на полі.

Дзеянні, якія дапамагалі спыніць дождж, навальніцу, град:

  1. Спальванне троіцкай зеляніны (“мая”) на дарозе перад домам.
  2. Захоўванне на падворку яловых галінак (з елкі, што стаяла на Хрышчэнне ў царкве).
  3. Выкіданне драўляных лапат (качаргі, “вілак”, чапялы ды інш.) на падворак.
  4. Выкарыстанне асвечаных на Вялікдзень страў (прынамсі, касцей свінні).
  5. Раскіданне градак на агародах, “закіданых лапатамі”.
  6. Запальванне “грамнічнай” свячы.

Сярод многіх палявых запісаў адметнымі з’яўляюцца наступныя.

“Калі дажджу не было, згаварыімся з людзьмі, з жэншчынамі згаварыімся, і гаворым: “Давайця мы напрадом, наснуём, і ў калодзеж укінем”. Яны так і зробяць. Тады і дождж пойдзе. Яно так і было. Упяцёх сабіралісь, штоб за дзень здзелаць. На дно упала яно, і ўсё. Ручнічок, — метры два было, такі, — кідалі ў калодзеж. Любоя жэншчыны дзелалі [4, с. 94].

“Бабы сабіраліся, пралі ў адзін дзень, снавалі кроены. Вот ткалі такое палаценца, і тады ўжо на крыжавой дарозе вешалі яго. Ну, і жабу тую білі, галасілі. Палаценца — калі дажджу не было, называўся — “абыдзённік”. За адзін дзень выткуць і павесяць на крыжавую дарогу. Ручнік — ён жа ні беляны, нічога. Ну, кусок такі просценькі, наткуць, і ўсё. Завязуюць красіва, павесяць. Метры паўтары-два быў ручнік. Канешна, рана пачыналі ткаць ручнік, штоб паспець к вечару павесіць. Штоб усё палучылась к вечару, да заходу сонца” [5, с. 57,62].

“Бабы, каторыя Богу моляцца, так дзелалі. Возьмем петуха, удовы… Плуг возьмем. Езьдзім па вуліцы з петухом. Уперадзі ўсіх — удава, жэншчына, з петухом. Было ета ва Утоньках (вёска, якая існавала ў Веткаўскім раёне да 1980-х гг.— Л.Р.).

Кралі ва ўдоў гарлачыкі. Крадуць і кідаюць у калодзеж. Кажуць: “Дай, Госпадзі, час добры, штоб нам Гасподзь дожджыку падаў”. Патом на вуліцы вадой абліваемся. Ва Утоньцы так было, і тут так было.

Як плуг цягнулі? Атшчытаюць дзесяць двароў. Ставяць саху. На ету саху ложаць доўжык — дзеравянны, длінны, а тады — цэп. Цэбер прыцэшпваюць” [6, с. 133-134].

“Як утопленніка вадой абаллеш — пойдзе дождж. Маладзёж хадзіла. Ваду з калодзежа бралі. Дзеўкі хадзілі магілу абліць. Гаварылі: “Як мы ллєм, так штоб такі дождж.” Паллюць на ўсю магілу, гдзе утопленнік быў. У нас адзін пакойнік паўз кладбішча пахаронены. Ён у калодзежы затануў. Пасля абеду хадзілі. Нам гадоў па шаснаццаць было [7, с. 135].

“Калі град быў, выкідалі качарэжкі да вілкі, што чугуны ставілі, на двор, усё выкідалі, нахрэст клалі… Пробавалі жабу біць, галасіць. Нарошна, штоб дождж быў. Тады ўжо галасілі па ёй: “Мая ты жабачка! Дзе ж ты бегаіш? Прыпусці нам вадзічку, як сама мокрынькая…” — галосіш. А тады сядзяць на нарадзі… Січас даюць плуг. І дарогу, дарогу аром. А жабу заб’єш, так сразу дождж пойдзя. Ета дзяўчаты так дзелалі. На полі ходзім палоць усё. Палкай б’єш, ці серпам, дзе жнеш. Паложым, прыбяром іе. Бумагай абверцім, адну пысу кідаім іе. Лапкі ёй складом, як чалавеку. Пагалосім паперва, вадзічкай пабрызгаім: ’’Мая ты жабачка, мая ты квакушачка, усюды ты лазіш, усюды поўзаіш.Ты такая мокрынькая… Дай нам дожджычку, як сама мокрынькая!” Галосім, як па чалавеку. Галосім… А тады — за іе, тама, дзе во палолі, тама адрылі ямачку, здзелалі хрэсцік з лазы… 3 лазы хрэсцік, здзелаім дамавінку з бумагі. Бумажкай закрыім, штоб на іе зямля… Пагалосім. Хмара найшла… Дождж… “Дзевачкі, бабачкі, — дождж!!!”

Шчэ вот прыкмета, штоб дождж найшоў. Ілліця з кварціры ці з хаты разы тры кружкай вады. Ці з дзвірэй, ці з вакна — ва двор. Пойдзе дождж. Нада гаварыць: “Госпадзі, нашлі дожджык! Як я вадзічку ету ллю, так штоб дожджык па зямле праліў, і атратуваў і сырую зямельку, і расценія ў зямельцы. Як во ні было дажджу, я адзін раз узяла, і другі раз пераліла, дажэ і цераз тры парогі. Патом сенцы і веранда. Такі заліўны дождж пайшоў! Дарогу пахалі, каб дождж пайшоў. Сабяромся, тры бабы — за плуг. Уздоўж дарогі пахалі, і ўперак. Сначала — уздоўж, а тады — уперак. Адзін чалавек тут, а два цягне. Адзін за плуг дзержа, а два — за валёк. А тады назад варочаліся. Да і гаворым: “Як я еты плужок цягну, гарую, страдаю, а ніхай дає Бог, штоб надягнулась такая хмара, штоб мы дажа мокрыя дамоў прыйшлі”. Плуг тры разы ўпоперак цягалі. А тады дождж як ліне! Тады радуюцца ўсе чысцінька” [8, с. 9, 10, 81].

Спіс літаратуры:

  1. Зайкоўскі.Э.М. Дучыц, л.у. Жыватворныя крыніцы Беларусі / Э. М. Зайкоўскі. — Мінск, 2001. — С.7.
  2. Там жа. — С.8.
  3. Экспедыцыйныя матэрыялы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава (далей — скарочана: ЭМ ВМС і БТ імя Ф.Р. Шклярава; у тэкстах захоўваюцца моўныя асаблівасці інфармантаў. Сш. 75, л. 210-211. Запісала ад Пісьменнікава І.Ц., 1941 г.н., у в. Покаць Чачэрскага раёна 19.02.2016 г. Л.Д. Раманава.
  4. ЭМ ВМС і БТ імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 91, л. 94. Запісалі ад Даніленка Е.Я., 1933 г.н., у в. Струкачоў Кармянскага раёна 29.07.1999 г. Л.Д. Раманава, Г.І. Лапацін.
  5. ЭМ ВМС і БТ імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 91, л. 57, 62. Запісалі ад Паляковай Р.У., 1941 г.н., у в. Літвінавічы Кармянскага раёна 24.07. 1999 г. Л.Д. Раманава, Г.І. Лапацін.
  6. ЭМ ВМС і БТ імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 75, л. 133-134. Запісалі ад Інкаўцовай М.С., 1912 г.н., у в. Залаўе Чачэрскага раёна ў ліпені 1999 г. Л.Д. Раманава, Г.І. Лапацін.
  7. ЭМ ВМС і БТ імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 75, л. 135. Запісалі ад Кананенка Я.А., 1938 г.н., у в. Ніўкі Чачэрскага раёна ў ліпені 1999 г. Л.Д. Раманава, Г.І. Лапацін.
  8. ЭМ ВМС і БТ імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 91, л. 9-10, 81. Запісалі ад Ігнаценка Е.Л., 1912 г.н., у в. Літвінавічы Кармянскага раёна ў ліпені 1999 г. Л.Д. Раманава, Г.І. Лапацін.

Аўтар: Ларыса Раманава
Крыніца: Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання : (памяці антраполага Зінаіды Мажэйкі): зборнік навуковых прац [удзельнікаў X Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 29 красавіка ― 1 мая 2016 г., г. Мінск / рэдкалегія: В. Р. Языковіч (старшыня) і інш.]. — Мінск, 2016. — С. 74-76.