Абрад Ваджэння і пахавання стралы ў в. Неглюбка можа ўратаваць толькі выкладчык

0
1848
пахаванне стралы на Веткаўшчыне

У мінулым годзе сябры Гомельскай моладзевай краязнаўчый грамадскай арганізацыі “Талака” цьвёрда вырашылі падтрымліваць абрад Ваджэнне і пахаванне стралы выключна ў в. Неглюбка і паступова назіраць, ці прынясе гэта плён.

Сёлета іх чакала чарговае расчараванне. Абрад на мяжы знікнення і яго можа ўратаваць толькі цуд… альбо добры выкладчык народных спеваў.

Пасля мінулага збольшага правальнага Пахавання стралы ў в. Неглюбка падавалася,  што дастатковым будзе маральна падрыхтаваць мясцовых жыхароў і нагадаць ім пра значнасць іхняй традыцыі. Напярэдадні свята Ушэсця «Талака» ладзіла з гэтай мэтай адмысловую сустрэчу-вечарыну для мясцовых жыхароў. Але, каб добра правесці абрад сёлета, гэтай працы апынулася недастаткова.

Што было падчас абраду

Падрыхтоўка да Ваджэння і пахавання стралы пачалася з дэфіле па вёсцы ў нацыянальных строях. Талакоўцы заходзілі ў хаты, сустракаліся з мясцовымі і прасілі выйсці на абрад. Самі ж павялі стралу з пачатку вёскі ў цэнтар. Любыя ўгаворы на бабуль слаба дзейнічалі, адзінае што падымала іх-гэта пачуццё абавязку, маўляў, людзі ж здалёк прыехалі, дык трэба ім паказаць хоць штось. Па дарозе да шарэнгі далучыліся студэнты з Універсітэта культуры. У цэнтры вёскі каля крамы стала відавочным, што нягледзячы на абяцанні, з другога канца вёскі стралу так і не павялі, не было і старцоў.

Наладзіць карагод тут падавалася звышзадачай. Мясцовыя бабці ўжо і словы не памятаюць, і спяваць не могуць, і хадзіць не здольныя. Маскоўскія фалькларысты і аператары акупавалі больш меньш трывалых жанок. Тыя ім пазіравалі на камеры, а моладзь спрабавала ўцягнуць іх ў карагод. Кола счапілася за спінамі спявачак, дзяўчаты спатыкаліся аб бардзюр, звонку чуліся крыкі:

– Да пасуньце іх ў цэнтр!

Але аматары відэаздымак, фалькрарысты, роўна як і бабулі, засталіся глухімі да крыкаў і незварушыліся ні на крок. Карагод хутка разваліўся.

Неўзабаве каля крамы зымправізавалі базар. Носьбіты традыцый прадавалі за бесцэнак гасцям Беларусі даматканую вопратку. Расіяне біліся за кашулі. Грымеў гармонь, бабы вытанцоўвалі сербіянку, а побач на даху мясцовага масквіча, разрываючы дынамікі, грымеў блатняк – тусаваліся мясцовыя мужыкі. Неўзабаве стала зразумелым, хто і навошта сюды прыехаў.

Моладзь сумавала.

Што засталося пасля абраду

Відавочна, Стралу больш не могуць ладзіць мясцовыя. І спадзявацца на іх няма сэнсу. Спробы арганізаваць бабуль выбіваюць з сілаў і не прыносяць плёну. Але ёсць мясцовая моладзь, тая моладзь што магла б пераняць традыцыю, каб нехта навучыў іх гэтаму.  Пятро Цалка, сябра “Талакі” і традыцыйны неглюбскі “старчыха” дзеліцца ўражаннямі:

-У гэтым годзе дзеці ўжо прывыклі да мяне, як да свайго. Але найбольш мяне цешыць, што мясцовая дзяўчынка Юля пагадзілася скласці мне кампанію і быць “старцам”. Прычым, яна гэта рабіла не пад прымусам, ёй самой спадабалася.

Ці можа абрад быць цікавым моладзі? Можа! І ня трэба наракаць на маладых. Савецкая улада ўсё зрабіла, каб выбіць з галавы цэлага пакалення разуменне сваёй культурнай традыцыі. А што рабіць, калі бабкі не могуць перадаць веды унукам? А трэба даць ўнукам добрага выкладчыка! ЮНЭСКА, Міністэрства культуры дбаюць пра захаванне архаічных абрадаў. Няўжо ж яны не ў стане хаця б раз на тыдзень аплаціць камандыроўку свядомаму чалавеку, каб той кіраваў спеўным гуртком, каб ладзіліся майстар-класы і паказальныя выступы?! Гэта не так і багата. А ГМКГА “Талака” ў сваю чаргу будзе рабіць усё мажлівае, каб не гублялася цікаўнасць да Стралы з боку моладзі.

Аўтар: Марыся Тульжанкова

Фатаздымкі аўтара