Абрад “Ваджэнне / Пахаванне стралы” на тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа

0
385
Пахаванне стралы на тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа

У сучасных айчынных народазнаўчых дысцыплінах рэгіянальныя даследаванні з’яўляюцца адным з асноўных накірункаў. Зробленая намі спроба вылучэння лакальных традыцый Гомельскага Падняпроўя па матэрыялах традыцыйнай каляндарнай абраднасці засведчыла, у прыватнасці, шырокае распаўсюджанне ў даследуемым рэгіёне абраду “Ваджэнне/пахаванне стралы”*. Згаданы рэгіянальны абрад распаўсюджаны пераважна ў Пасожжы і блізкім сумежжы: на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Беларусі, заходняй Браншчыны і паўночна-ўсходняй Украіны. У этнакультурным плане, як адзначалі даследчыкі, гэта практычна адзін рэгіён, у свой час каланізаваны радзімічамі і севяранамі [1, с. 44—45]. Эпіцэнтрам распаўсюджання абраду “Ваджэння стралы” на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Веткаўскі раён Гомельскай вобласці, у розных вёсках якога назіраюцца адметнасці ў наборы абрадавых дзеянняў, у песенным суправаджэнні, прадметным рэквізіце, тэрміналогіі, персанажным шэрагу; на тэрыторыі Расіі — Новазыбкаўскі, Краснагорскі, Клінцаўскі і Гардзееўскі раёны Бранскай вобласці, аб чым пісалі беларускія і расійскія этнолагі і фалькларысты**.

Як сведчаць нашы палявыя матэрыялы, на даследуемай лакальнай тэрыторыі памежных з Браншчынай раёнаў Гомельскай вобласці абрад “Ваджэнне/пахаванне стралы” мае не толькі розныя лакальныя варыянты правядзення, але і розную ступень іх захаванасці. У адных выпадках мемараты носьбітаў традьщый даюць уяўленне пра стан абрадавай практыкі даваеннага часу, у іншых — абрады зафіксаваны ў рэканструяваньш выглядзе, ці нават у жывым бытаванні. Для вызначэння абраду мясцовыя жыхары ўжываюць розныя выразы: “вадзіць стралу/сулу”, “стралу пускаць/праводзіць”, “ганяць старцоў”, “Ушэсьце”, “провады вясны”, “вадзіць вясну”. Аналагічныя тэрміны, напрыклад, “Стрела”, “Ушестя”, “гнать/вести стрелу” сустракаюцца на тэрыторыі Браншчыны [2, с. 2].

Абрад праводзіўся на Ушэсце (40-ы дзень пасля Вялікадня), радзей на велікодным тыдні і складваўся з наступных момантаў: абыходныя шэсці па вуліцах, выхад у жыта, качанне па полі, ваджэнне кругавых карагодаў, пахаванне лялькі, грошай, іншых прадметаў у зямлю, абрадавае пераапрананне, пляценне вянкоў, спяванне заклінальных песень пра стралу.

Абавязковай дзеяй першай часткі абраду быў сбор удзельнікаў, пераважна жанчын і дзяўчат, у цэнтры вёскі і ваджэнне імі карагодаў на плошчы ці перакрыжаванні дарог. Сабраўшыся ўсе разам, жанчыны выстрайваліся ў адну шарэнгу, перагароджваючы вуліцу, запявалі абавязковую ў дадзеным выпадку песню і, пабраўшыся за/пад рукі ііплі за вёску, у жытнёвае поле. Практычна ва ўсіх варыянтах абраду збор і выправа працэсіі суправаджаюцца песняй з сюжэтам пра забітага малойца і з зачынам “Ой, пушчу стралу да(-й) па ўсём сялу”, дзе гучыць заклінальны зварот да стралы з просьбай некага забіць: добрага маладца, каня-варанца, яснага сокала, вутку-селезня. У свой час Г.А. Барташэвіч прыйшла да высновы, што гэтыя заклінальныя песні нясуць адбіткі міфалагічных уяўленняў і вобразаў. їх магічная сіла павялічвалася ў выніку спалучэння з дакладна акрэсленым рухам, кожны раз адпаведным нейкім уяўленням: то гэта ахоўна-засцерагальны круг, то шчьшьная шарэнга ўпоперак усёй вясковай вуліцы, то кружэнне вялікай шарэнгі ўдзельнікаў абраду; іх магічная сіла выяўлялася і ў меладычнай структуры песні, у самім яе змесце [3, с. 128]. Цікавасць уяўляюць прыпевы, што паўтараюцца ці пасля кожнага радка, ці двухрадкоўя: “Ой, люлі, вада каля гарада”, “Ой, лялей вада каля гарада”, якія становяцца зразумелымі пры знаёмстве з міфам пра бога навальніцы. “Адразу ж за паражэннем змея (за ўдарам грому і маланкі ў дрэва ці камень) у міфе ідзе вызваленне вод, якія льюцца на зямлю” [4, с. 98]. Адсюль і сам абрад, і песня становяцца зразумелымі. Веснавыя пасадкі закончаны, насенне ўзышло, настала пара росту раслін, для чаго патрэбна іх захаванне ад перуновага агню і добрая вільготнасць.

Як паказваюць сучасныя даследаванні, і само дзейства, і песні, уключаныя ў яго, і народнае тлумачэнне сэнсу абраду сведчаць, што найперш ён праводзіўся з мэтай адвесці «грамавую стралу» ад вёскі, пазбегнуць веснавых пажараў ад перуна, ад маланкі («Каб маланка не ўбіла», «Кабы ўвесці гразу на лета ад дзярэўні») [5, с. 231].

Разам з тым, у абрадзе гграглядваюцца выразна сляды аграрнай магіі — качанне жанчын-удзельніц па жыце — і сляды ахвяравання (закопванне лялькі на ніве ці нейкага прадмета, асабіста належнага ўдзельніцы абраду (пярсцёнка, касніка, грабяня ды інш.). Узгадваецца неабходнасць абраду для забеспячэння ўраджайнасці нівы, для адгону ад вёскі злых духаў і хваробаў. “Закапавалі грошы. “На зямелька, грошы, дай нам ураджай харошы. Пашоў Гасподзь на небеса, пацягнуў жыта за каласа”. Гасподзь ходзя па зямлі да Ушэсьця, па зямлі ходзя, а патом пашоў. Закапавалі капейкі, заніскі, каб ляцела страла, не біла молайца, а ў зямельку пашла” (в. Стаўбун, Веткаўскі раён) [5, с. 231]. Аналагічныя вераванні да нашага часу сустракаюцца і на Браншчыне: “закапаць стралу” — азначала адвесці маланку, садзейнічаць таму, каб быў добры ўраджай, не хварэла хатняя жывёла [6, с. 1].

Пры рэалізацыі абрадавага комплексу дзеянняў у некаторых лакальных варыянтах выразна выяўляецца праводны характар абраду. Так, у в. Барталамееўка Веткаўскага раёна збіраліся жанчыны ўсёй вёекі: адну з іх прыбіралі “панічом”, апрануўшы мужчынскае адзенне, другую — “паненкай”, у святочную сукенку, галаву ўпрыгожвалі вянком і стужкай. Затым з ануч рабілі ляльку (гэта вясна), клалі ў каробку і аддавалі “паненцы”. З песнямі ішлі за вёску, у поле, дзе расло жыта, каб там пахаваць “вясну” (ляльку), гэта значыць, закапаць яе ў зямлю. На полі ўтваралі кола, у цэнтры якога знаходзіліся “паніч” і “паненка”, вадзілі карагоды. Затым адна з жанчын выкопвала ямку, куды клалі ляльку, галосячы над ёй:

Лялечка мая мілая,
Да схавала я цябе к Ушэсцей..
у-у!
К Ушэсцейку, к налецей… у-у!
Ка такому врэмю, як сёлета,
Прыйду к табе з сахо… у-у!
Да буду гаварыцъ з табо… у-у!
Мая міленькая лялечк… у-у!
[7, л. 119-120].

У в. Прысна згаданага раёна пры выкананні абраду “праводзіны вясны” яе ўвасабляла палка, абвітая крапівой і кветкамі, якую тапілі ў рацэ, але характэрна, што і гэтаму абраду надавал і значэнне “шчоб расло жыта”. Наперадзе карагода “Страла” заўсёды ішлі пераапранутыя (“старцы”), жартуючы з прысутнымі і, узяўшы каго-небудзь у палон, патрабавалі з яго выкуп. Абрад ваджэння стралы ў вёсцы Неглюбка называецца “ганяць старцоў”, у ролі якіх выступалі маскіраваныя мужчына і жанчына. У той час, калі жанчыны спявалі, “старцы” абавязкова заходзілі ў жыта, качаліся па ім. На полі жанчыны вадзілі некалькі кругавых карагодаў [7, л. 117-118]. Маскіраваны “дзед”, а таксама “цыган” і “Дрема” суправаджалі “стралу” і ў вёсках Бранскай вобласці [6, с. 2]. У іншых вёсках Гомельскай вобласці вясну ўвасабляла ўпрыгожаная кветкамі і стужкамі дзяўчына, якая, калі карагод жанчын падыходзіў да азімага жыта, выбягала наперад, іншыя яе даганялі, штурхалі, яна падала, і ўсе разам з ёй перакочваліся па азімых, што мела аналоги і на Браншчыне [6, с. 2]. Паводле вераванняў жыхароў даследуемага рэгіёна, знішчэнне пэўнага рытуальнага прадмета, які загадзя вырабляўся і сімвалізаваў вясну, азначала завяршэнне сезона, пасля чаго выкананне вясновых песень забаранялася.

За доўгія гады існавання абраду ён стаў складовай часткай грамадскага жыцця вясковага соцыуму, яго лакальнай гісторыі. У шматлікіх наратывах, запісаных у апошнія гады, апавядаецца пра здарэнне ў вёсцы пажараў, буры, іншых стыхійных бедстваў, у тым выпадку, калі “начальства” забараняла вяскоўцам правесці абрад “стралы”.

Такім чынам, параўнальны аналіз беларускіх і рускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў адносна абраду “Ваджэнне/пахаванне стралы”, прымеркаванага да 40-дзённага перыяду ад Вялікадня да Ушэсця, даў магчымасць вьмвіць многія іх агульныя рысы, што праяўляюцца ў традыцыйных светапоглядных ўяўленнях пра свята як надзвычайны сакральны перыяд, пераходны каляндарны час, што падзяляе вясну і лета; у абрадава-магічных дзеяннях, звычаях, элементах акцыянальнай, тэмпаральнай, прадметнай і музычна-вербальнай структур. Варыятыўнасць выканання абраду “Ваджэнне/пахаванне стралы” у абмежаваным арэале Гомельска-Бранскага памежжа сведчыць пра шматпланавасць яго семантычнага поля.

У сучасны перыяд працэсы ўрбанізацыі і глабалізацыі, наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АС, пасля якой большая частка рэгіёна распаўсюджання абраду “Ваджэнне/пахаванне стралы” была забруджана, а мясцовыя жыхары, носьбіты традыцый, выселены, пагражаюць далейшаму існаванню абраду ў натуральных умовах яго бытавання.

Спіс літаратуры

  1. Пашина, О. А. Календарные песни весенне-летнего цикла юго-восточной Белоруссии. Славянский и балканский фольклор / О. А. Пашина. — М.: Рассвет, 1986. — 244 с.
  2. «Стрела» в Старом Кривде // Муниципальное образование Новозыбковский район. [Электронный ресурс]. — 2013. — Режим доступа: http ://adm innovzraion.ru/ index.php?option=com_content&view=article&id=1673:qq-&catid=96:samplenews&Itemid=378.html. — Дата доступа: 22.10.2013.
  3. Барташэвіч, Г. А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя / Г. А. Барташэвіч — Мінск, 1985. — 184 с.
  4. Иванов, В. В. Исследования в области славянских древностей / В. В. Иванов, В. Н. Топоров. — М.: Наука, 1974. — 187 с.
  5. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: у 6 т. Т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. Кн.1 / Т. В. Валодзіна [і інш.]; ідэя і агул, рэдагаванне Т. Б. Варфаламеевай — Мінск: Выш. шк., 2012. — 910 с.
  6. Савельева, И. Время гнать стрелу / И. Савельева // Играем сначала. Международная академия музыкальных инноваций — Сайт всероссийской музыкально-информационной газеты. [Электронный ресурс]. — 2013. — Режим доступа : http://gazetaigraem.ru/al2201305.htm]. — Дата доступа: 22.10.2013.
  7. Архіў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Фонд. 7. Bon. 2. — Спр. 234.

* Артыкул напісаны ў межах распрацоўкі тэмы БРФФД «Арэальная структура беларуска-рускага лінгвакультурнага памежжа: мова і фальклор», дагавор № Г13Р-005 ад 16.04. 2013 г.

** Гл.: Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: у 6 т. Т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. Кн.1 / Т. В. Валодзіна [і інш.]; ідэя і агул, рэдагаванне Т. Б. Варфаламеевай. — Мінск: Выш. шк., 2012. — 910 с.; Барташэвіч, Г. А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мінск : Навука і тэхніка, 1985. — 184 с.; Новак, В. С. Абраднасць і паэзія «пахавання стралы». Нав. рэдактар I. Ф. Штэйнер. Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2002. — 269 с.; Гусев, В. Е., Марченко, Ю. И. «Стрела» как региональный тип Восточнославянского обрядового фольклора. Региональные особенности восточнославянских языков, литератур, фольклора и методы их изучения. 4.2. Тезисы докладов и сообщений 3-й Республиканской конференции. — Гомель, 1985; Пашина, О. А. Календарные песни весенне-летнего цикла юго-восточной Белоруссии. Славянский и балканский фольклор. — М.: Рассвет, 1986 — 244 с. і інш.

Аўтар: Т.I. Кухаронак
Крыніца: Славянские народы и их культуры: традиция и современность: сб. науч. статей / редкол.: В. И. Коваль (отв. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. С. 269-272.