Абрад «Пахаванне стралы»

0
128

У вёсцы Стаўбун, што месціцца ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці з язычніцкіх часоў захаваўся ўнікальны абрад – “Пахаванне стралы”. Святкуюць яго на Ўшэсце, якое ў гэтым годзе прыпала на 9 чэрвеня. Сам абрад служыць дзеля абароны вёскі ад маланак і сімвалізуе развітанне з вясной і сустрэчу лета, а таксама спадзевамі на добры ўраджай.

Пахаванне стралы вядомае толькі на Пасожжы. Стараверы, якіх шмат перасялілася на Веткаўшчыну, лічаць абрад грахоўным. У некаторых вёсках існуюць забароны ад святароў на яго правядзенне.

На працягу некалькіх год традыцыю дапамагаюць захоўваць удзельніцы калектыву “Стаўбунскія вячоркі” да якіх далучаюцца вяскоўцы, моладзь і госці з іншых рэгіёнаў Беларусі ды нават суседніх дзяржаў.

Абрад прадугледжвае агульнае шэсце жанчын са спевамі з розных канцоў вёскі, сустрэчу на скрыжаваннях і ваджэнне карагодаў. Пасля гэтага ўдзельніцы выпраўляюцца ў жытнёвае поле, дзе таксама водзіцца карагод, а пасля закопваецца “страла” – разнастайныя металічныя рэчы, манеты, гузікі. Пры вяртанні ў вёску з поля абавязкова прыхопліваюць да сябе ў хату некалькі каласкоў. Пасля абрада пачынаецца добрая ды шчырая беларуская бяседа.

Аўтары: Яўген Меркіс, Марына Драбышэўская