Абарона Гомеля ў 1941 г.

0
183
Абарона Гомеля ў 1941 г.

Абарона Гомеля ў 1941 г. вялася войскамі 21-й арміі (генерал-лейтэнант М.Р. Яфрэмаў, генерал-маёр В.М. Гардоў) Цэнтральнага фронту і апалчэнцамі 12-19 жніўня ў Вялікую  Айчынную вайну, складовая частка Смаленскай бітвы 1941.

У пачатку жніўня нямецкае  камандаванне перакінула ў раён Гомеля часткі 2-й палявой арміі, з раёна Смаленска –  2-ю танкавую групу генерала Гудэрыяна, усяго пад Гомелем было 25 нямецка-фашысцкіх дывізій. 8-10 жніўня праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі, прарваў яе на ўчастку Крычаў-Прапойск-Рэчыца і выйшаў на подступы да Гомеля. Разам з ваенным  камандаваннем мабілізацыю сіл на абарону горада ўзначалілі Гомельскія абкам і гаркам  КП(б)Б. Сфармаваны Гомельскі полк народнага апалчэння, вакол горада выкапана 28 км траншэй, створаны мінныя палі, на вуліцах пастаўлены барыкады.

12 жніўня 2-я нямецкая  армія пачала штурм горада, нямецкая авіяцыя без перапынку бамбіла яго. Выключна цяжкія баі ішлі ў раёне вёсак Сямёнаўка і Пакалюбічы, дзе разам з савецкімі воінамі абарону трымалі апалчэнцы і байцы асобнага батальёна Гомельскага гарнізона (камандзір маёр М.С. Ісаеў). Савецкія войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі, 14 жніўня выбілі ворага з в. Сямёнаўка. Сустрэўшы ўпарты супраціў на гэтым напрамку, нямецкія  войскі ўзмацнілі атакі на Гомель з ПнУ і з боку Добруша. У раёне Веткі гітлераўцы фарсіравалі Сож і захапілі гарадскі пасёлак, аднак савецкія войскі затрымалі далейшы рух праціўніка і прычынілі яму значныя страты. Выкарыстаўшы перавагу ў сілах, 19 жніўня нямецкія войскі ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа, ў Навабеліцы баі ішлі яшчэ трое сутак У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.

Літаратура

  • Сандалов Л.М. На московском направлении М., 1970;
  • Андрющенко Н.К. На земле Белоруссии летом 1941 года, Мн., 1985;
  • Павлов Я.С. В суровом сорок первом Мн., 1985.


Аўтар:
Якаў Паўлаў
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 82.