Абарона Гомеля ў 1651 г.

0
1950
замак, история Гомеля, осада Гомеля казаками в 1651 г.

Гомеля абарона 1651. Адбывалася супраць украінскіх казакоў 3—9.6.1651 у час антыфеадальнай войны 1648—51. Пасля аднаўлення ваенных дзеянняў на Украіне палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля, які абаранялі войскі польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла, каля 8 тыс. казакоў (у складзе іх было шмат беларускіх сялян) на чале з палкоўнікамі П.М.Забелам, Літвіненкам і Паповічам. Паводле сведчання палоннага казака, Нябаба так бласлаўляў іх:

«Ідзіце, малайцы, да сваіх родных і ўсіх мяшчан-ляхаў у Гомеле ў пень сячыце, ніводнага ў жывых не пакідайце. Горад спаліце, а потым у Быхаў ідзіце, яго бярыце, але толькі магілёўцам крыўды не чыніце. Калі да трох разоў Гомеля не возьмеце, тады да мяне за гарматай хугчэй пасылайце».

3 чэрвеня казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) за ноч і дзень выкапала шанцы да самай гарадской агароджы (паркана), конніца разгрупавалася па вёсках, а 400 коннікаў былі разасланы па ўсіх дарогах у дагляд. На дапамогу казакам кожны дзень прыходзіла па некалькі соцень чалавек.

Гомель таксама добра падрыхтаваўся. Паводле звестак уцекачоў з-пад Гомеля, «пяхота там гатова добра абараняць горад, мае неабходную колькасць пораху і прадуктаў харчавання на некаторы час». На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Радзівіл паслаў мазырскага старасту з некалькімі сотнямі чалавек.

У ноч на 5 чэрвеня пачаўся штурм горада, апоўначы абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы, у другім месцы мяшчане разам з жаўнерамі нанеслі казакам значныя страты. У час аднаго са штурмаў казакам удалося залезці на гарадскую сцяну, там пачалася рукапашная бітва. Наёмная пяхота капітана Мантгомеры масіраваным агнём адкінула праціўніка. Адначасова ішоў штурм горада з боку Прачысценскай царквы, дзе быў слабы паркан і многія слупы падгнілі (месца падказаў здраднік — гомельскі мешчанін), але на абарону гэтага ўчастка была кінута ўся пяхота, і казакі панеслі вялікія страты ў людзях і адступілі.

Пасля такой няўдачы Забела паслаў сваіх людзей да Нябабы па гармату. 5 чэрвеня казакі зрабілі спробу выбавіць гомельскі гарнізон на адкрытае месца і даць яму бой, з гэтай мэтай яны імітавалі прыбыццё падмогі гамяльчанам. Аднак Мантгомеры разгадаў намер казакоў і нікому не дазволіў выходзіць з гарадской брамы.

6 чэрвеня казакі пабудавалі 14 «гуляй-гарадоў», 4 з іх падцягнулі да Чачэрскай брамы, 3 — да моста і пачалі новы штурм горада, але абаронцы моцным агнём з гармат і гакаўніц вымусілі казакоў адступіць. Няўдачна скончыліся таксама ўсе 15 штурмаў, праведзеных казакамі Літвіненкі і Паповіча.

9 чэрвеня Забела атрымаў загад Нябабы «днём і ноччу вяртацца назад». Казакі спешна адышлі ад Гомеля, не захапіўшы нават нарыхтаванага правіянту.

Літаратура

Документы об освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. Киев, 1965. С. 457—458; Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978. С. 131.

 

Аўтар: Васіль Мялешка

Крыніца: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 1. С. 544