Аб зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Нараўлянскага раёна

0
141
Аб зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Нараўлянскага раёна

З першых дзён жудаснай вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў адпаведнасці з пастановай СНК СССР ад 24 чэрвеня 1941 г. “Аб ахове прадпрыемстваў і ўстаноў і стварэнні знішчальных батальёнаў” у г. п. Нароўля быў створаны знішчальны батальён, у якім налічвалася каля 60 байцоў. Пры кожным сельсавеце былі створаны знішчальныя атрады, што атрымалі зброю і былі пераведзены на казарменнае становішча для аховы маёмасці, калгасаў і барацьбы з варожымі диверсантамі. У канцы ліпеня многія з гэтых байцоў былі мабілізаваны на фронт [1, с. 165].

19 жніўня фашысты занялі Гомель, 22 жніўня ўварваліся ў Мазыр. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Гомельскай і Палескай абласцей была захоплена гітлераўцамі. Тэрыторыя Нараўляншчыны была ўключана ў рэйхскамісарыят “Украіна”. На тэрыторыі вобласці, як і ва ўсёй Беларусі, дзейнічалі шматлікія фашысцкія карныя арганізацыі і спецыяльныя часці — гестапа, зондэркаманды, войскі СС і СА, паліцыя і г. д. [1, с. 167].

Да пачатку вайны ў Нароўлі дзейнічалі тры школы, новы дом Сацкультуры, аптэка, краязнаўчы музей, бібліятэка. У будынку няпоўнай сярэдняй школы фашысты стварылі паліцыю, дзе нямецкія захопнікі здзекваліся з савецкіх грамадзян. Патрэбна адзначыць, што ў перадваенныя гады на тэрыторыі Нараўляншчыны існавалі: Нараўлянскі яўрэйскі сельсавет, Аляксандраўскі польскі сельсавет і Бярозаўскі нямецкі сельсавет.

Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму было правядзенне генацыду ў адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. Нашэсце нямецкіх войскаў на нашу краіну павінна было садзейнічаць “канчатковаму вырашэнню яўрэйскага пытання”. Антысемітызм гітлераўцы зрабілі асноўным пунктам сваёй прапаганды, якая была накіравана на населыгіцтва Беларусь Акупацыя падавалася імі як выратаванне жыхароў рэспублікі ад “яўрэйскага балыпавізму” Фашысты праводзілі тэту палітыку і ў адносінах да жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці г. п. Нароўля.

З пратаколаў апытання жыхароў г. п. Нароўля: Бушалёвай П.Д., Носка А.Ф., Палянскай В.А., Бастуй І.С. і іншых — паведамлялася аб тым, што ў жніўні 1941 года гітлераўцы ў прысутнасці жыхароў Нароўлі расстралялі Гузмана Вольку і пленнага чырвонафлотца. З паведамлення Бушалёвай П.Д.: “Пазней сабралі ўсіх яўрэяў у хаце Фрыдмана Абрама, болей 100 чалавек і пачалі забіваць жыхароў. А ў лістападзе 1941 года зноў загналі ўсіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці ў гэтую хату, у тым ліку малых і старых, і пагналі на яўрэйскія могілкі і ўсіх расстралялі”.

З паведамлення Носка А.Ф.: “У адзін з лістападаўскіх дзён па загадзе старасты прыйшоў на яўрэйскія могілкі і ўбачыў каля ста расстраляных грамадзян: старых, жанчын і дзяцей. Нас прымусілі вырыць яму, знесці і закапаць усе трупы. Пасля гэтага прыгналі двух дзяцей Чухмана Л.Ш., старэйшаму было 8-9 гадоў, які на руках трымаў маленькае дзіця, потым прыгналі хлопчыка сямі гадоў і дзяўчынку чатырох гадоў, потым сына Бушалева Маіся — Арона, гадоў 12, і Стахоўскую Міру і ўсіх іх на нашых вачах расстралялі”. Толькі за 1941 і 1942 гады было знішчана фашыстамі ў ароўлі 119 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці. 15 сакавіка 1943 фашысты расстралялі ў горадзе Нароўля болей за 50 жыхароў іншых нацыянальнасцей [1, с. 171-172].

Адной з найболып важных задач у пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай ванны была арганізацыя ўсенароднай барацьбы ў тыле нямецка-фашысцкіх войск. Канкрэтная праграма яе разгортвання была выкладзена ў дырэктыве СНК СССР партийным, савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей ад 29 чэрвеня 1941 г. Усёй практычнай работай па стварэнні патрыятычнага падполля і арганізацыі першых партызанскіх атрадаў у Беларусі кіраваў ЦК КПбБ. Было эвакуіравана каштоўнае абсталяванне некаторых прамысловых прадпрыемстваў. Так, Нараўлянская цукеркавая фабрыка “Чырвоны мазыранін” была эвакуіравана ў цэнтральную Расію. Акрамя гэтага, па Прыпяці з гэтай фабрыкі была вывезена частка гатовай прадукцыі ў сталіцу суседняй Украіны — г. Кіеў. З фабрыкай была эвакуіравана і частка яе рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў [4, с. 137].

Да стварэння падпольнага райкама камсамола ў Нараўлянскім раёне камсамольскай работай з кастрычніка 1942 г. кіравалі інструктары ЦК ЛКСМБ. Афіцыйна Нараўлянскі падпольны райкам ЛКСМБ быў створаны ў лютым 1943 г. на базе ўжо дзеючых у раёне падпольных камсамольскіх арганізацый і пярвічнай камсамольскай арганізацыі Нараўлянскага партызанскага атрада. Яго першым сакратаром быў прызначаны важак раённай падпольнай камсамольскай арганізацыі А.Ф. Цалка.

Прыбыўшы ў Нараўлянскі раён, камандаванне партызанскага атрада імя С.М. Кірава з дапамогай партыйных і камсамольскіх арганізацый правяло ўсю работу па павелічэнні партызанскіх радоў. Была праверана надзейнасць канспірацыі патрыятычнага падполля. Прыток новага папаўнення ў атрад стварыў перадумовы для арганізацыі новых партызанскіх атрадаў іўзмацнення ўдараў па ворагу. За адносна непрацяглы час нараўлянскія партызаны вызвалілі каля 70 населеных пунктаў раёна ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў.

Кожны падпольшчык, разведчык, сувязны, гаспадар явачнай кватэры, якія дзейнічалі ў акупіраваных населеных пунктах або ў варожых гарнізонах, знаходзіліся на вастрыні небяспекі. Савецкія патрыёты па заданні партызанскага камандавання і падпольных партыйных органаў наступал! на службу ў органы акупацыйнай адміністрацыі і вымушаны былі ўмела выконваць хоць часова ролю гітлераўскіх паслугачоў. А такая ноша цяжкая для сумленнага чалавека. Так было і ў Нараўлянскім раёне.

Так, сакратар падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі вёскі Кіраў Садоўскі С.Л. у вёсцы Габрылееўка ўладкаваўся пісарам, што дазволіла патрыёту свабодна раз’язджаць па раёне і паспяхова весці разведвальную работу. У красавіку 1943 г. з рызыкай для жыцця Станіслаў Садоўскі сумеў здабыць бланкі пашпартоў для трох дзяўчат-падполыпчыц, дапамог ім выканаць задание. Калі над маладым патрыётам навісла пагроза арышту, то ён пайшоў у партызаны. Але працягваў кіраваць падпольнай арганізацыяй вёскі Кіраў [5, с. 138-139].

Пасля вяртання ў свой раён Нараўлянскі партызанскі атрад імя С.М. Кірава колькасна рос і нарошчваў удары па ворагу. Ужо да канца мая 1943 г. у атрадзе налічвалася 93 байцы і камандзіры. У гэтым жа месяцы ён быў уключаны ў партызанскае злучэнне Паўднёва-Прыпяцкай зоны Палескай вобласці, куды ўваходзіў і Нараўлянскі раён. Так, у чэрвені 1943 г. у раёне вёскі Вяжышча цераз раку Прыпяць з баямі пераправілася партызанскае злучэнне двойчы героя Савецкага Саюза Сідара Арцёмавіча Каўпака. З 1947 па 1967 год С.А. Каўпак займаў пасаду намесніка Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета УССР. На працягу трох месяцаў злучэнне гэта дыслацыравалася ў вёсках Кіраў, Дзяржынск (Святоцк), Маскалёўка і Хамянкі. Тут адбывалася і перафарміраванне баявых падраздзяленняў злучэння пасля завяршэння карпацкага рэйду.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны каўпакоўцы ў 70-я гады XX ст. прыплывалі з Кіева на цеплаходзе разам з С.А. Каўпаком у Нароўлю, дзе сустракаліся ў Дзень Перамогі з жыхарамі Нараўлянскага раёна і выхаванцамі Нараўлянскай школы-інтэрната. У гэтым злучэнні ваявала славутая партызанская разведчыца, настаўніца школы вёскі Кіраў Аляксандра Карпаўна Дзямідчык. У паўночна-заходнюю частку Нараўлянскага раёна заходзілі атрады партызанскага злучэння пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза А.М. Сабурава. 7-ы батальён гэтага злучэння завязаў бой на ўскраіне Нароўлі. У сакавіку 1943 г. на тэрыторыю Нараўлянскага раёна з-за лініі фронта прыйшла група партызан з 38 чалавек на чале з Віктарам Аляксандравічам Карасёвым. Група павінна была выконваць заданні Камітэта Дзяржаўнай бяспекі. Сваім месцам базіравання група выбрала ўрочышча “Лысыя горы” каля вёскі Мальцы. Павялічыўшы свае рады з мясцовых патрыётаў, група за кароткі час перарасла ў вялікі партызанскі атрад. З верасня 1943 г. гэты атрад дзейнічаў у паўднёвых раёнах Беларусі, на Украіне, а затым на тэрыторыі Полыпчы і Чэхаславакіі [6, с. 145].

Па дадзеных партызанскай разведкі, гарнізон у Нароўлі налічваў 128 гітлераўцаў, на ўзбраенні якіх было 4 станкавыя кулямёты, 6 ручных кулямётаў, 3 мінамёты, вінтоўкі. Адна частка гарнізона размяшчалася ў казарме — каменным будынку на заходнім беразе Нараўлянкі, другая — ў прыватных дамах. Вакол гарнізона былі абсталяваны бліндажы і дзоты. З суседніх гарнізонаў ворага наибольшую небяспеку для наступаючых партызан неслі тыя, што размяшчаліся на поўдні і поўначы Нароўлі ў вёсках Аляксандраўка (150 нямецкіх салдат) і Барбароў (венгерская артылерыйская батарэя).

Партызан, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, раздзялілі на некалькі груп. У ноч з 29 на 30 жніўня 1943 г. баявы заслон перакрыў дарогу Нароўля — Барбароў. Тры групы падабраліся да казармы з боку вёскі Кнураўка, што за 2-3 км ад Нароўлі. Частка партызан захапіла масты на рацэ Нараўлянка і рассекла гарнізон надвое. Чацвёртая група выйшла да Прыпяці і завяршыла акружэнне казармы. Пасля выхаду гэтых груп на заходні рубеж другія падраздзяленні, збіўшы варожую ахову, пачалі прасоўванне да цэнтра гарадскога пасёлка. Фашысты, якія знаходзіліся ў прыватных дамах, спрабавалі схавацца за цаглянымі сценамі казармы. Але партызаны, якія акружылі казарму, сустрэлі іх трапным агнём. Да раніцы з варожым гарнізонам было ўсё скончана. Захапіўшы трафеі, патрыёты пайшлі з Нароўлі [7, с.147].

На тэрыторыі раёна дзейнічаў асобны Нараўлянскі атрад, які быў сфарміраваны ў жніўні 1941 года, 27-я Нараўлянская брыгада імя С.М. Кірава была створана 20 кастрычніка 1943 года ў складзе чатырох асобных атрадаў: атрад імя С.М. Кірава арганізаваны ў канцы снежня 1942 г. на базе ініцыятыўнай трупы У.П. Яромава; атрад імя А.В. Суворава сфарміраваны 16 чэрвеня 1943 г. на базе ініцыятыўнай трупы; атрад імя М.В. Фрунзэ арганізаваны 20 кастрычніка 1943 г. з асабовага складу, выдзеленага атрадам імя С.М. Кірава; атрад імя С.М. Будзёнага арганізаваны 2 лістапада 1943 г. з асабовага складу, выдзеленага атрадамі імя С.М. Кірава і імя А.В. Суворава.

З уступленном савецкіх войск у межы Палескай вобласці ўсталявалася цеснае ўзаемадзеянне партызан з вайсковымі часцямі. 28 лістапада 1943 г. Нараўлянская партызанская брыгада злучылася з часцямі 415-й стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронту, якая вызваляла Нараўлянскі раён. У гэты час брыгада налічвала 665 партызан, у іх ліку 28 жанчын, 340 беларусаў, 133 украінцы, 130 рускіх і 52 прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

30 лістапада 1943 г. воіны 415-й стралковай дывізіі разам з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя С.М. Кірава вызвалілі райцэнтр Нароўлю. У райцэнтры тады знаходзілася да 500 гітлераўцаў. Яны мелі на ўзбраенні 13 танкаў, 2 штурмавыя гарматы “фердынанд”, 2 броне­машины і батальён цяжкіх мінамётаў. Скаардынаваўшы свае дзеянні з партызанамі Нараўлянскай брыгады, савецкія воіны разам з імі ажыццявілі абходны манёўр і атакавалі гітлераўцаў, засеўшых у Нароўлі, з поўдня, захаду і поўначы. Адтуль вораг іх не чакаў. Гэты камбінаваны рашучы начны ўдар партызан і вайскоўцаў прымусіў праціўніка без аглядкі ўцякаць з Нароўлі ў напрамку Мазыра. Немцы пакідалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання. Яны з вялікай цяжкасцю занялі абарону на поўначы ад Нароўлі на рацэ Салакуча, недалёка ад вёсак Ніжні і Верхні Млынок. 30 лістапада 1943 г. над Нароўляй развяваўся сцяг нашай Радзімы [1, с. 236-237].

Пры вызваленні райцэнтра загінулі партызаны: А. Курносенка, П. Касцецкі, Г. Куліба, В. Кананенка, М. Ёўжанка і іншыя. У баі на поўначы Нароўлі загінуў партызан, славак Ян Генжаль, які пахаваны на брацкіх могілках у вёсцы Барбароў разам з 32 загінуўшымі савецкімі воінамі і партызанамі. У 1959 годзе ў цэнтры вёскі ўстаноўлены помнік на брацкай магіле [3, с. 38]. Пасля таго, як у сярэдзіне студзеня 1944 г. быў вызвалены Мазыр, адбылося расфарміраванне 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава. Большая частка народных мсціўцаў працягвала змагацца з ворагам у складзе дзеючай арміі. Іншыя ўключыліся ў аднаўленне разбуранай акупантамі народнай гаспадаркі Нараўляншчыны.

З даведкі начальніка УНКДБ Палескай вобласці палкоўніка Сотнікава аб злачынствах намецка-фашысцкіх акупантаў у перыяд іх гаспадарання на тэрыторыі Палескай вобласці па Нараўлянскім раёне: у Нараўлянскім раёне нямецкімі акупантамі за час іх гаспадарання спалена дамоў калгаснікаў 1965, нежылых пабудоў — 2262, калгасных дамоў — 103, кааператыўных дамоў — 3, крам — 13, складоў розных — 10, дзяржаўных дамоў і пабудоў — 27, школ — 14, клубаў — 9, бальніц — 1, аптэк — 2, амбулаторый — 3, лазняў — 4, школ ФЗН — 1, хлебапекарняў — 1.

Акрамя таго, у райцэнтры м. Нароўля разбураны і спалены: дом НКВД, банк, сярэдняя школа, пошта, радыёвузел, дзіцячы дом, шавецкая майстэрня, кравецкая майстэрня, дзве крамы, сталовая, маслазавод, дзве МТС, кандытарская фабрыка, друкарня раённай газеты, лесапільны завод, электрастанцыя, суднабудаўнічая верф, школьны музей, помнік У.І. Леніна, забрана і знішчана 15 тысяч тамоў кніг. Сагнана буйнай рагатай жывёлы ўГерманію 757 галоў, маладняка — 530 галоў, коней — 165. Сагнана ў нямецкае рабства 495 чалавек савецкіх грамадзян. Расстраляна, павешана і спалена 534 мірных жыхары [1, с. 191].

Разгледзеўшы матэрыялы Надзвычайнай камісіі, а таксама дадаткова выяўленыя дадзеныя злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Нараўлянскага раёна, выканкам райсавета (рашэнне № 142 выканкама Нараўлянскага райсавета дэпутатаў працоўных ад 2 чэрвеня 1969 года) лічыць устаноўленым, што на тэрыторыі раёна мелася 70 вёсак, з іх 15 цалкам спалены, а 13 часткова спалены, якія ў цяперашні час адноўлены. У гэтых вёсках знішчана 348 чалавек, сагнана ў Германію ў фашысцкае рабства 298 чалавек, загінула на франтах Вялікай Айчыннай вайны 1222 чалавекі, у партызанскіх атрадах 43 чалавекі. Акрамя таго, устаноўлена, што ў вёсках, якія падвяргаліся разбурэнню, знішчана 80 чалавек, сагнана ў Нямеччыну ў фашысцкае рабства 314 чалавек, загінула на франтах Вялікай Айчыннай вайны 1254 чалавекі, у партызанскіх атрадах 57 чалавек [4, л. 153].

Выканкам Нараўлянскага райсавета дэпутатаў працоўных вырашыў: зацвердзіць разгледжаныя матэрыялы, якія паступілі ад камісій па сельскіх Саветах аб населеных пунктах і насельніцтве Нараўлянскага раёна, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (Старшыня выканкама Нараўлянскага райсавета дэпутатаў працоўных А. Рагалевіч, сакратар выканкама Нараўлянскага райсавета дэпутатаў працоўных Н. Лёднева).

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

  1. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нараўлянскага р-на. — Мінск: БЕЛТА, 1998. — 448 с.
  2. Лісоўскі, Л. Нараўлянскі раён. Гісторыя і геаграфія: У 3-х т. / Л. А. Лісоўскі. — Мазыр: РВФ “Белы Вецер”, 1998. — Т. 1. — 188 с.
  3. Деревни и люди Мозырщины: Историко-документальная хроника Мозырского района, всех сельских советов и населенных пунктов региона (деревень, поселков и хуторов) — Мозырь: КПУП “Колор”, 2001. — С. 38.
  4. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 4683. — Воп. 3. — Спр. 756. — Л. 153.

Аўтары: Л.А. Лісоўскі, Т.С. Кісялевіч, Я.С. Маліноўская
Крыніца: Мозырщина: люди, события, времени: материалы Международной научно-практической конференции, Мозырь, 22 мая 2020 г. / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Мозырский государственный педагогический университет имени И. П. Шамякина», Филологический факультет, Кафедра истории и обществоведческих дисциплин; [редколлегия: Л.В. Гавриловец (ответственный редактор) и др.]. — Мозырь: МГПУ им. И.П. Шамякина, 2020. — С. 40-45.