Другая палова XX ст. — адзін з лёсавызначальных перыядаў для народнай традыцыйнай культуры. У гэты час традыцыйныя каляндарныя святы беларусаў зведалі на сабе ўплыў грамадска-палітычных працэсаў і змены ў культурнай палітыцы, у выніку якіх святы народнага календара былі прыстасаваны пад умовы савецкага ладу жыцця, а некаторыя ўвогуле выкараняліся з побыту. Аднак, як паказваюць матэрыялы палявога этнаграфічнага даследавання, на працягу другой паловы XX ст. большасць каляндарных святаў захоўвалася ў культуры сельскіх жыхароў Г омельскага раёна.
Каляндарныя святы і абрады, якія з’яўляюцца формай грамадскага быту, разам з тым выступаюць важнай з’явай духоўнай культуры сялян і займаюць адно з істотных месцаў у святочнай культуры беларусаў. Немалаважнае значэнне для вывучэння святочнай культуры насельніцтва Беларусі мае разгляд ступені захаванасці святаў беларускага народнага календара ў межах савецкай культуры.
Мэтай прадстаўленай работы з’яўляецца выяўленне ступені захаванасці святаў беларускага народнага календара сельскім насельніцтвам Гомельскага раёна ў канцы 40-х — у 80-я гг. XX ст. Навізна даследавання абумоўлена тым, што пытанне аб знікненні і захаванасці святаў беларускага народнага календара разглядаецца на новых матэрыялах і арыгінальных звестках, сабраных аўтарам падчас палявога этнаграфічнага даследавання сярод сельскіх жыхароў Гомельскага раёна. Навуковая значнасць даследавання заключаецца ў стварэнні цэласнай гісторыка-этнаграфічнай карціны правядзення святаў беларускага народнага календара жыхарамі Гомельскага раёна ў канцы 1940-1980-я гг.
Асаблівасці святочнай культуры насельніцтва Беларусі знайшлі сваё адлюстраванне ў многіх крыніцах і працах айчынных і замежных гісторыкаў, этнолагаў і фалькларыстаў. Найбольш грунтоўна пытанні каляндарнай абраднасці разглядаюць сучасныя беларускія этнолагі Г.І. Каспяровіч, Т.І. Кухаронак, а таксама фалькларысты А.С. Ліс, К.П. Кабашнікаў, В.С. Новак і інш.
З мэтай больш глыбокага вывучэння асаблівасцяў правядзення ў канцы 1940-х — у 1980-я гг. сельскім насельніцтвам Гомельскага раёна святаў беларускага народнага календара аўтарам у 2012 г. праводзілася палявое этнаграфічнае даследаванне. Па выніках палявой працы былі атрыманы звесткі ад 60 карэнных жыхароў населеных пунктаў Гомельскага раёна, якія тычыліся правядзення святаў беларускага народнага календара ў канцы 40-х — у 80-я гг. XX ст. Акрамя таго былі выкарыстаны матэрыялы ранейшых даследаванняў аўтара (2006-2009 гг.), падчас якіх разглядаліся асаблівасці народнай культуры жыхароў Гомельскага раёна. Вынікі, атрыманыя падчас палявых этнаграфічных даследаванняў, з’яўляюцца аб’ектыўнымі, паколькі яны закранулі людзей усіх узроставых груп, рознага полу і неаднолькавых прафесійных заняткаў. Па нацыянальнай прыкмеце большасць склалі беларусы, па канфесійнай — праваслаўныя, па месцы нараджэння — карэнныя жыхары.
Як паказваюць матэрыялы палявога даследавання, у разглядаемы час жыхары Гомельскага раёна адзначалі такія зімовыя святы, як Мікола Зімовы, Каляды, Вадохрышча. Веснавы цыкл каляндарнай абраднасці ў святочнай культуры жыхароў Гомельскага раёна ў канцы 1940-х — у 1980-я гг. быў прадстаўлены такімі святамі, як Масленіца, Стрэчанне, Соракі, Благавешчанне, Вербная нядзеля, Вялікдзень, Радуніца, Юр’я, Троіца. Жыхары рэгіёна праводзілі такія летнія і восеньскія святы, як Пятра і Паўла, Ілля, жніво і дажынкі, Спасы, Першая і Другая Прачыстая, Пакровы і Дзяды.
Зімовы цыкл каляндарных святаў адкрываў Піліпаўскі, або Калядны пост. Асноўнай ежай у час гэтага посту была рыба, боршч са шчаўя з сушанымі ўюнамі, боршч з капустай, сушаныя ягады, бульба і посныя бліны (В. Д. Маёрава, 1946 г. н., в. Рудня Марымонава). Як адзначаюць рэспандэнты, у перыяд Піліпаўкі «на вячоркі хадзілі і вышывалі» (М. Р. Кісялёва, 1959 г. н., в. Раманавічы).
Даволі істотным кампанентам зімовых святаў жыхароў Гомельскага раёна былі Каляды. Клопаты пра ўраджай з’яўляліся вельмі важнымі ў светапоглядзе нашых продкаў. Як сведчаць матэрыялы этнаграфічнага даследавання, Каляды з’яўляліся важным перыядам у жыцці вяскоўцаў. Да свята мясцовыя жыхары абавязкова білі парася. Неад’емным атрыбутам калядных звычаяў была куцця: падчас Калядаў з пярловай крупы гатавалі тры куцці — перад Ражством Хрыстовым, Старым Новым годам і Вадохрышчам. Абавязковым элементам, які быў распаўсюджаны ў гэты час сярод мясцовых дзяўчат былі варожбы: «цераз забор кідалі сапагі, і глядзелі ў якую сторану паляціць сапог — на ту сторану і замуж пойдзеш, а патом пад краваць калодзец з лучыны дзелалі, то стакан паставіш і паложыш лучынку: «Сужаны прыдзі і перавядзі цераз мосцік», хто прысніцца, той ужэ і сужаны будзе».
Багатым зместам вылучаліся калядныя абыходы, элементы якіх і дагэтуль захоўваюцца ў святочнай культуры мясцовых жыхароў. Разнастайнасць зместу абумовіла і існаванне шэрагу лакальных традыцый шчадравання і калядавання. Так, напрыклад, у в. Раманавічы ў гэтыя дні «хадзілі ластачку пець», у гэты ж час лічылі якім будзе ўраджай (калі прыходзілі калядоўшчыкі гаспадыня абавязкова разбівала аб парог гарбузу і лічыла колькі зернят з яе выпала — так меркавалі аб будучым ураджаі гарбузоў). На Каляды па вёсках хадзілі шчадроўшчыкі, звычайна гэта дзеці, якія пераапраналіся ў мядзведзя, казу і цыганоў. У вв. Дуянаўка, Чкалава, Церуха, Бабовічы, Прыбар, Маркавічы, Зябраўка, Целяшы, Краўцоўка, Прыбыткі на Каляды адбываліся святочныя шэсці з казой, у в. Маркавічы таксама быў вядомы калядны звычай з пераапрананнем у «мядзведзя». Распаўсюджанымі да 1960-х гг. былі і калядныя гульні — напрыклад, «Жаніцьба Цярэшкі» у в. Чкалава, «Памерла наша Мальвіна» у в. Галавінцы.
На Вадохрышча акрамя асвячэння вады вяскоўцы «запісвалі каляды — пісалі крыжыкі на сценах» (в. Рудня Марымонава), «абычна бралі тарэлачку, засцілаеш насавы платочак, ставіш ваду ў стакане, і такі з каласкоў венчык дзелалі, кусочак мела бярэш і пішаш хрэсцікі, эта пішаш і гаворыш: «Госпадзі, сахрані мой дом» і пішаш хрэсцікі і ў хаце, і на варатах, на хлявах» (М. Р. Кісялёва, 1959 г. н., в. Раманавічы).
Комплекс звычаяў і абрадаў веснавога перыяду асабліва багаты і разнастайны. На мяжы зімовага і веснавога цыклаў стаялі Масленічныя абрады. Увесь Масленічны тыдзень быў насычаны «загавінамі» да Вялікага посту, а таксама характарызаваўся хаджэннямі ў госці. Абавязковым атрыбутам Масленічнага тыдню, як паведамілі рэспандэнты, былі бліны. Апошні дзень тыдню быў даволі адказным у жыцці вяскоўцаў — у гэты дзень усе прасілі прабачэння (Л.У. Давыдава, 1939 г. н., Н.У. Галчанка, 1951 г. н., пас. Бярозкі). У некаторых жа населеных пунктах Гомельскага раёна падчас Масленічнага тыдню была распаўсюджана традыцыя цягання калоды. Паводле успамінаў жыхаркі в. Пракопаўка В.Ф. Рабцавай, 1952 г. н., «Калодкі цягаюць у панядзелак за нядзелю да Вялікага паста. Бярэцца браўно. Жэншчыны прыбіраюцца і перавязваюць калодку таму, у каго нежанатыя дзеці, тыя цягнуць калодку, а потым даюць выкуп. А патом етыя калодкі прывязваюць любому. Гэта лічыцца прыглашэннем на празнік. У гэты дзень пелі розныя песні».
Свята Стрэчанне жыхары населеных пунктаў Гомельскага раёна, адзначалі асвячэннем у царкве грамнічных свечак, якія, паводле ўспамінаў рэспандэнтаў, засцерагалі дом і гаспадарчыя пабудовы ад грому і навальніцы.
З усёй сістэмы каляндарнай абраднасці веснавыя святы, абрады і звычаі вылучаюцца складанай структурай з мноствам адносна самастойных, завершаных па форме і змесце абрадаў.
На Саракі, калі, паводле народнага павер’я, з поўдня вяртаецца сорак выраяў, выпякалі «жаваранкаў» з цеста, дзеці падкідалі іх угору з просьбай аб хутчэйшым прылёце птушак. Як адзначылі інфарматары, у некаторых населеных пунктах Г омельскага раёна замест «птушак» вяскоўцы выпякалі сорак хрэшчыкаў, якія павінны былі з’есці дзеці (в. Раманавічы). Таксама ў гэты дзень да ўсходу сонца неабходна было ўнесці ў хату сорак трэсак, каб знайсці сорак вутак (в. Гадзічава). На Саракі у Гомельскім раёне адбываўся абрад гукання вясны (у в. Чкалава выпякалі з цеста 40 фігурак птушак, у адну з іх абавязкова клалі капейку, з якой звязвалі надзеі на поспех і шчасце на працягу гаспадарчага года).
Вялікім веснавым святам лічылася Благавешчанне. Менавіта пасля гэтага дня жыхары вёскі пачыналі палявыя работы, а ў дзень Благавешчання нельга было гарадзіць заборы, а «то дажджа не будзе».
Самым вялікім гадавым святам вясны быў Вялікдзень, якому папярэднічала Вербная нядзеля. На Вербную нядзелю вяскоўцы свяцілі вярбу, якая «шчыталася ахраніцельніцай і абярэгам». Гэтай пасвяцонай вярбой на Юр’я выганялі скаціну ў поле. Пасля асвячэння ў царкве галінкамі вярбы тройчы білі першых сустрэчных і дзяцей, прыгаворваючы: «Не я б’ю, вярба б’е, хінця ў лес, здароўе ў косці» (пас. Бярозкі).
Пасля Вербнай нядзелі пачынаўся Вялікі тыдзень, апошні тыдзень перад Вялікаднем. У гэты час вяскоўцы абавязкова прыбіралі ў хаце, білі парася. Аб падрыхтоўчых работах да Вялікадня сведчаць і ўспаміны мясцовых жыхароў: «К Паске гатовілісь очэнь харашо, очэнь долга, ўсё прыбіралі, вынасілі, сушылі, перасушывалі. Ждалі скарэй Паску каб разгавецца і атдахнуць. Паскі пяклі ў суботу, утрам яйцы красілі. Абязацельна атварывалі мяса, твораг с ізюмам, хрэн свой дзелалі. У маю моладасць была очэнь весела, дзелалі качэлі, раньшэ ж мамка к Паске плацце новае купіць, туфлі каму ці басаножкі новыя, банты, ленты новыя, ўсё новае. Наўбіткі гулялі. Но сечас ўжэ етага няма. После Паскі мы дома нічога не дзелалі цэлую нядзелю» (М.Р. Кісялёва, 1959 г. н., в. Раманавічы). Як паказваюць матэрыялы палявога даследавання, ў канцы 1940-х — у 1980-я гг. абавязковай умовай падрыхтоўкі да Вялікадня было набыццё новага адзення і абутку для вясковых дзяцей. Многія жыхары населеных пунктаў Гомельскага раёна наведвалі ўсяночнае набажэнства ў царкве, якое завяршалася асвячэннем пасак і велікодных яек. Моладзь жа, па ўспамінах рэспандэнтаў, ў перадвелікодную ноч паліла вогнішчы.
У памежных з Украінай вёсках Маркавічы, Гадзічава, Глыбоцкае, Краўцоўка працягам Вялікадня было Ваджэнне Сулы; гэтая традыцыя ў дадзеным рэгіёне захоўвалася да 1960-х гг., калі мясцовы старшыня калгаса разагнаў гурт мясцовых жанчын, якія рухаліся па дарозе з Г адзічава ў Маркавічы.
Праз тыдзень пасля Вялікадня, у аўторак, мясцовыя жыхары праводзілі Радуніцу. На Радуніцу жыхары вёскі хадзілі на могілкі, там маліліся. Аднак некаторыя інфарматары сцвярджаюць, што ў асноўным на Радуніцу хадзілі на могілкі рэдка. Звычайна хадзілі на могілкі на «мяртвых дзень Вялікадня» (чацвер на Велікодным тыдні). У 40-80-я гг. XX ст. свята Радуніцы не было выхадным днём, пагэтаму мясцовыя жыхары стараліся наведаць могілкі раніцай.
Свята Юр’я ў традыцыі жыхароў Гомельскага раёна лічылася днём першага выгану жывёлы на пашу. Аднак, як паказваюць матэрыялы даследавання, мясцовыя жыхары рэдка прытрымліваліся гэтага звычаю, і выганялі свойскую жывёлу са з’яўленнем на полі травы. Даволі трывала захоўваецца ў побыце жыхароў раёна звычай сеяць на Юр’я гуркі. На Юр’я, як паведаміла Л.У. Давыдава, 1939 г. н., у вёсцы Галавінцы быў распаўсюджаны звычай качацца па жыце ў расе.
Апошнім позневеснавым святам у святочнай культуры жыхароў Гомельскага раёна была Тройца, спецыяльна да якой вяскоўцы ўпрыгожвалі жылыя будынкі і гаспадарчыя пабудовы зелянінай-»маем»: аірам і любісцікам, галінкамі дуба, ліпы і клёна. У в. Рудня Марымонава ў гэты дзень на дзвярах крэйдай малявалі крыжыкі.
Летні цыкл каляндарных святаў у святочнай культуры сельскага насельніцтва Гомельскага раёна прадстаўлены такімі святамі, як Купалле, свята апосталаў Пятра і Паўла, жніўнымі звычаямі, Першым і Другім Спасамі.
Купальская абраднасць у культуры жыхароў Гомельскага раёна прадстаўлена слаба, а ў памяці вяскоўцаў захаваліся толькі ўспаміны аб тым, што на Купалле «ноччу ганялі ведзьму» (в. Міхалькі), а таксама тое, што ў купальскую ноч на Купалле хадзілі купацца (в. Рудня Марымонава). Па ўспамінах інфарматараў, увечары моладзь збіралася на беразе ракі, раскладвала вогнішча, скакала цераз агонь, вадзіла карагоды, спявала песні. Напярэдадні Купалля ў в. Маркавічы і яе ваколіцах мясцовыя жыхары праводзілі русалку. Як паведаміў мясцовы краязнаўца Р. Ц. Басаў, у гэты дзень маркаўцы выбіралі дзяўчыну, упрыгожвалі яе ўсю кветкамі, адзявалі вянок і вялі па вуліцы. Мясцовыя жыхары выносілі і давалі цукеркі, каржы і інш. Дзеці і моладзь пераапраналіся ў цыганоў і з крапівой хадзілі па сялу, варажылі сустрэчным, за што атрымлівалі пачастунак, а калі не давалі, то таго джыгалі крапівай.
Багатым святам лічыўся дзень Пятра і Паўла. Як паказваюць матэрыялы апытання, у многіх населеных пунктах Гомельскага раёна ў другой палове XX ст. мясцовымі жыхарамі праводзіўся звычай кумення. Так, як паведаміла жыхарка в. Гадзічава Л.У. Жытнікава, 1932 г. н.: «На Пятра і Паўла ой куміліся. Дак ужэ ладныя сабіраліся, хто шчо бярэ. Мы ўжэ назносімся ўсяго, і пяём шо ўмеем і ядзім шо прыносілі. Дажэ бабы такія маладыя, выйдуць, вянясуць стол на вуліцу, пяём хто шо ўмеем. І пелі «ой чыё та жыта». Мы і два гады назад дзелалі такое».
Пасля свята Іллі, як паведамілі рэспандэнты, забаранялася купацца ў рэках. Таксама казалі, што «Ілля надзелаў гнілля» або «Да Іллі сена і пад кустом сохне, а пасля Іллі і на кусце не сохне».
Жніўныя звычаі і абрады ў большасці населеных пунктаў Гомельскага раёна былі актуальнымі прыкладна да 1960-х — 1970-х гг., да часу актыўнага з’яўлення ў мясцовых гаспадарках сельскагаспадарчай уборачнай тэхнікі. Да гэтага ж перыяду ў асяроддзі мясцовага насельніцтва актыўна бытавалі звычаі зажынак і дажынак. Як распавяла жыхарка в. Г адзічава Л.У. Жытнікава: «Зажынала жыта ў нас самая вопытная. У нас было ў калхозе дзве брыгады, ну і наперагонкі, хто ўжэ скарэй выжне сваё жыта. Да паследні дзень адзін перад адным, гармошку возьмуць, хто первы выжне, дзелалі з жыта бараду, украсілі яе цвятамі, хлеб клалі пад яе. І тую бараду ўся брыгада нясе ў кантору, і тады ўжэ колькі выдзеляць на брыгаду, і тады ўжэ сабіраемся і гуляем дажынкі. А як здзелаюць маладога і маладую, надзяюць жа іх, і у кантору іх вядуць. А як сталі камбайны, ужэ ніхто не жаў і не дзелаў так».
Святы Першага і Другога Спасаў для мясцовага насельніцтва былі перыядам асвячэння маку і мёду, яблык і садавіны. Паводле інфармацыі М. Р. Кісялёвай, 1959 г. н., жыхаркі в. Раманавічы, пасля наведвання на Спас царквы вяскоўцы прыходзілі дамой і ўсім членам сям’і трэба было наташчак з’есці кавалачак асвечанага яблыка, папярэдне абмакнуўшы ў свяцоны мёд.
Восеньскія звычаі і абрады ў народным календары сельскага насельніцтва Г омельскага раёна выглядалі больш сціпла. З асенніх гадавых святаў вылучаліся Узвіжанне, Другая Прачыстая, Дзяды і Пакровы. На свята Івана Галавасека вяскоўцам забаранялася рэзаць буракі і капусту, а таксама варыць борш з капусты. Паводле ўяўленняў мясцовых жыхароў, на Узвіжанне нельга было хадзіць у лес, бо ў гэты дзень спаўзаліся ўсе вужы і гадзюкі і выбіралі там свайго «цара». На ІІ Прачыстую сяляне засыпалі две першых карзіны бульбы новага ўраджаю ў лядоўню (в. Г алавінцы). Да Пакроваў трэба было ўсё сабраць з поля, бо гэты дзень лічыўся часам заканчэння палявых работ. Аднак, як паведамілі інфарматары, мясцовыя жыхары рэдка прытрымліваліся гэтага звычаю. На Дзяды вяскоўцы варылі кашу, пеклі аладкі і пакідалі гэта на стале — дзядам. У Рудні Марымонавай казалі, што «сёння Дзяды, а заўтра Бабы».
Такім чынам, як паказваюць матэрыялы палявога этнаграфічнага даследавання, у асяроддзі сельскага насельніцтва Гомельскага раёна ў канцы 40-х — у 80-я гг. XX ст. яшчэ захоўваліся многія святы беларускага народнага календара. Нягледзячы на дамінаванне святаў, якія былі ўведзены савецкай уладай і шырока адзначаліся паўсюдна, народная традыцыя аказалася жывучай. У гэты перыяд святы беларускага народнага календара вылучала істотная ўстойлівасць, а для многіх звычаяў і рытуальных дзеянняў характэрна добрая ступень захаванасці. На працягу разглядаемага перыяду, нягледзячы на імкненне вынішчыць рэлігійны пласт культуры і пакінуць яе толькі ў якасці дэкаратыўнага аздаблення, у асяроддзі сяльчан Гомельскага раёна, які і многіх іншых частак Усходняга Палесся, святы народнага календара заставаліся важным элементам культурнай традыцыі, асабліва ў сямейнай сферы. Як сведчаць матэрыялы апытання аўтарам жыхароў шэрагу вёсак Гомельскага раёна, святы часцей выступалі ўжо і як сродак баўлення вольнага часу.
Аўтар: У.М. Александронец
Крыніца: Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў: У 5 частках. Ч. 4: Праблемы этналогіі, антрапалогіі, фалькларыстыкі і славістыкі: мат. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі: г. Мінск 25-26 красавіка 2013 г. / уклад. Ю.В. Пацюпа; рэдкал.: А. І. Лакотка [і інш.]; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2013. С. 129-134.