Аб шлюбных матывах у зямляробчых абрадах на Веткаўшчыне

0
1718
Гуканне вясны, дзяўчаты

У клопатах аб будучым ураджаі ў нашых весках на другі дзень пасля Дабравесця, а ў некаторых вёсках на другі дзень пасля Вялікдня,  пачынаюць вадзіць “Стралу”. “Вадзіць Стралу ” —  азначае напрацягу пэўнага перыяду, прынамсі, да Ўшэсця вадзіць карагоды з падсвядомым зваротам у іх да веснавых Леля і Лялі. Выбар ў ролі аб’ектаў зварота   парных персанажаў далёка не выпадковы.  Раслінныя сілы прыроды, раўно, як і сілы, што апякуюць іх, здаўна уяўляліся чалавекам істотамі мужчынскага і жаночага полу. У нашых вёсках падобная асацыяцыя ўзнікае ўжо адносна проса, ільну, жыта, ячменю.[1] А веснавым Лелю і Лялі папярэднічаюць калядныя Васіль і Маланка.[2]

На Ўшэсце ў жыхароў нашых вёсак прачынаецца далекі продак, які бачыць, як вызначае   А. Афанасьеў, як “плодотворящая сила солнечных лучей и дождевых ливней, ниспадающих с небесного свода, возбуждает производительность земли, и она, согретая и увлажненная, растит травы, цветы, деревья и дает пищу человеку и животным. Это естественное и наглядное явление послужило источником древнейшего мифа о брачном союзе Неба и Земли, причем Небу придан мужской, воздействующий тип, а Земле — воспринимающий, женский”.[3]    Асноўныя падзеі абрада “Стралы”  адбываюцца на Ўшэсце.   У гэты дзень жанчыны, ўдзельніцы абрада, ў суправаджэнні “пераапранутых”   у  “дзеда” і “бабу”, “старца” і “старчыху”,  “пана” і “паненку”, “кавалера” і “барышню” (па розных вёсках — гэта розныя персанажы)  апошні раз праходзяць па вуліцах вёсак з веснавымі песнямі, выходзяць у жытняе поле, дзе “стрялу хаваюць”, гэта значыць, закапваюць у зямлю паміж расткамі жыта брошкі, завушніцы, манеткі, грабеньчыкі ды інш.

У выніку мэтанакіраванага апытання аб прызначэнні абрада мы атрымалі наступныя адказы, у якіх назіраецца   відавочнае жаданне паўплываць на сілы прыроды , прынамсі: “штоб лён рос”, “Водзяць стралу маланнёй, штоб пажара не было”, “штоб урадзіла, і штоб дожч не мясіў, бываюць жа заліўныя дажчы”, “еслі дажжу німа”. У апошнім выпадку абрад у лакальных варыянтах, застаючыся прымеркаваным каляндарна, набывае ўласцівасці аказіянальнага і выконваецца ў любы час падчас засухі. [4]    І зноў у нас прачынаецца язычніцкі продак,   “который должен повторить на земле в пределах человеческой деятельности тот процесс, который, по его понятиям,  совершается на небе неземными силами, поскольку, в его представлениях, брак растений не может быть плодородным без полового соединения людей”. [5]  Менавіта гэта спрабуюць здзейсніць удзельнікі абрада ў самых разнастайных формах.

Ужо сам рэквізіт “пераапранутых”,  прынамсі,  іхнія атрыбуты ў выглядзе сімвалічных  гіппертрофірованых палавых органаў, а таксама   “кіёчкі”, “цапкі”, “кастылькі”, і дзеянні, якія здзяйсняюцца імі, (яны пастуківаюць імі аб зямлю, пастуківаюць і б’юць прысутных), вызначае ролю, якая ім адводзіцца у абрадзе.  У лакальных варыянтах  “пераапранутыя” ў дастаткова фрывольных позах качаюцца па зямлі альбо ўдзельніцы абрада робяць гэта з мужчынамі з ліку гледачоў.  У апошнім выпадку можа прысутнічаць і элемент гвалтоўнасці. Так, у в. Казацкія Баўсуны ўсіх мужчын, якія трапляюць у поле зроку жанчын, удзельніц абрада, яны літаральна сілай прымушаюць качацца з імі па полю.  У гэтым шэрагу трэба разглядаць і  празрыста “саромныя” дэманстрацыі з боку ражаных.[6]    І нават у тых выпадках, калі падобная адкравеннасць з боку “пераапранутых” адсутнічае, іх роля прасочваецца гепатытычна. Як імітацыю  прадуцыруючага акта можа разглядаць і дзеянні жанчыны, якая падчас карагода садзіцца на “галюку”.  Удзел у гэтых дзеяннях  “дзеда”, “бабы”, “старца”, “старчыхі” ды інш. — даволі старажытная рыса:  гэтым увасабляецца прысутнасць прадстаўнікоў двух палоў, неабходных для  аднаўлення жыцця, прычым за “дзедам” і “бабай” гэтага жыцця больш. [7]   У гэтым плане паказальны і абрад пасадкі бульбы, зафіксаваны намі у в. Хальч: “Прыяджаім садзіць, і той первы садзіў, у каго болей дзіцей. Вот, еслі ў міне большэ дзіцей, а ў тых паменей, я начынала первая садзіць”. [8]  Не менш празрыстымі выглядаюць і формы карагодаў. Яны нібыта крэсляць на зямлі выявы “зародыша”, “рожаніцы”, “цяжарнай жанчыны”, “мужчынскага пачатку”.[9]

Разам з тым, некаторыя элементы з абрадаў могуць быць супастаўленыя з рэаліямі як цяжарнай жанчыны, так і з вясельнымі абрадамі. Так, у в. Старае Закружжа прычыны ражэння тлумачылі як жаданне   “штоб не ўзналі”.[10]

Гэтая ж сімволіка прасочваецца ў самім “пахаванні”.  Вырытая ў зямлі ямка  суадносіцца з раскрытым лонам. І ў гэтай жа ступені, прадметы, што закопваюцца у ёй, прынамсі, грабеньчыкі, манеткі, брошкі, каменьчыкі, суадносяцца  з мужскім пачаткам, а асвечаныя зярняты — з мужчынскім семем.

Вясельны характар абраду надаюць і песні, што выконваюцца ў гэты дзень, і, у першую чаргу,  “кругавыя”.  Прычым гэты момант падкрэсліваецца самімі ўдзельнікамі. Так, на пытанне аб рэпертуары намі быў адрыманы адказ:  “Іх  і на свадзьбе пяюць”.  І ў большасці кругавых песень сапраўды гаворыцца аб адносінах паміж мужам і жонкай, нявесткі і родзічаў з боку мужа.

Асобна ў гэтым плане стаіць абрад, які выконваўся ў вв. Бесядзь, Федараўка і  Барталамееўка, дзе хаваюць не  “стралу”, а  “вясну”, увасобленую ў ляльку, зробленую з  кавалачкаў тканіны.   У дадзеным выпадку тыпалагічна мы  таксама маем справу  з  рэліктам    яшчэ аднаго шлюбнага міфа —  міфа пра Персіфону, якую выкраў  Аід,  але, згодна рашэнню Зеўса, на пэўны час яна вяртаецца на зямлю да маці — і на зямлі наступае вясна. Апошняе суадносіцца з тым, што на Дабравесце гэтую ляльку адкопваюць, і ў большасці нашых весак у гэты дзень пачынаюць   “гукаць вясну”.

1.  “ У льяну ё Лён і Льяніца. Самка і самец. Лён и лляніца у ляну. Пара, ужо, мужык і жонка. Дак, усё баба наша казала, жыта красуіцца, Яна и кажа: “Во, хоць бы ветрык быў, штоб Жыта з Жытніцай асемяніліся, штоб зёрна харошыя палучыліся.   Гарбузы сабіралі раз, дак баба гаворя: “Кладзіця гарбузы   атдзельна, а гарбузіцы аддзельна”. Мы гаворым: “Баб, а чаго?” — “Гарбузіцы — эта самачкі,  дзевачкі”. Мы гаворым: “Баб, я а па чом ты ўгадаіш?” А яна і гаворя: “У гарбуза шышкі таўсцейшыя, а ў гарбузіхі — жопка такая шырокая”.  Ці проса, як пачыная каласіцца, дак прыдзя і кажа: “Во, ветрык харашо ганяя. Эта проса апыляя”. Так і Лён, і Лляніца, “добрая маладзіца, красная дзявіца”. Пасеяць лёну кусок, і два яйцы зваряць, што Лён і Лляніха. Бывая ветка Лёну,  і ані ж апыліваяцца. Самаапыленіем. Пчолы ж не апыліваюць. Лён і Лляніха, жэншчына, дзевачка, штоб апыліваліся. Баба: “Гукайця і Лён і Лляніху”.  Штоб яны, ужо, апыліваліся, этыя цвяточкі, прося іх. Баба, ужо, стаіць: “Лён і Лляніха, прыходзьце к нам на помач…”

Пасеялі дзевачкі  Ллянок і Лляніцу
На высокім месці да й на бугравіцы,
Лю лі лю лі, да й на бугравіцы.
Штоб на нізкім месці лянок не пагніў,
Штоб белы ляночык да й крэпенькі быў,
Лю лі лю лі, да й крэпенькі быў.
Ой, Ллянок і Лляніца разам узыходзяць,
Лянок з Лляніцай дзень і ноч гавораць,
Лю лі лю лі, дзень і ноч гавораць.
Узышоў ляночык, длінны сцебялёчык,
І зацвіў ляночык, сіненькі цвяточык,
Лю лі лю лі, сіненькі цвяточык.
Лянок і Лляніца ад ветра апылялісь,
Ад жаркага сонца яны адзявалісь,
Лю лі лю лі, яны адзявалісь.
Залаты званочкі ад сонца паспявалісь,
Лянок з Лляніцай званочкам абнімалісь,
Лю лі лю лі, званочкам абнімалісь.
Лянок і Лляніца людзей адзеваюць,
Лянок і Лёляніца людзей сагрываюць,
Лю лі лю лі, людзей сагрываюць.
Лянок і лляніца людзей прыбіраюць,
Лянок і лляніца людзей украшаюць,
Лю лі лю лі, людзей украшаюць.
Дзевачкі ляночык тоненька папряюць,
Палаценцы тонкія яны вытыкаюць,
Лю лі лю лі, яны вытыкаюць.
На вадзе бягучай палаценцы вымываюць,
С тонкіх палаценцаў адзёжку пашываюць,
Лю лі лю лі, адзёжку пашываюць.
С тонкіх палаценцаў рушнічкі рабілі,
Палявы цвяточкі на рушнічочках шылі,
Лю лі лю лі, на рушнічках шылі.
Рушнічкі на Бога яны надзявалі
І сваю святліцу яны ўкрашалі.
Лю лі лю лі, яны ўкрашалі.
Залатыя свечы яны запалілі
І Госпаду Богу паклоны адбілі.

(Ад п-кі з в. Амяльное Грэцкай В. А., 1925 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2005 г., у Ветцы.   Сш. 117. Ар. 52, 56, 58).

2. Жанатыя, гадоў па сорак-па пейсят, сабіраліся, вадзілі. “Маланка” называлась. Жэншчыну ўбіралі красіва, як пад вянец, у белае, усё красівае, кругом платок і ленты этыя віселі, длінныя такія, кругом у ленты ўбіралі. Эта, ужэ, называлася “маланка”. А Васіль хадзіў у касцюме у харошым, і па хатах хадзілі  (Ад п-кі з в. Чырвоны Кут Ліцвінавай А. Д., 1932 г. н.,  зап. 2005 г., у Ветцы. Сш.  63.   Ар.  15-16). Незвычайнасць персанажаў у прасторы традыцыйнай культуры рэгіена паставіла нас перад неаходнасцю мэтанакіраванага апытання з мэтай удакладнення. “Абрад такі. Нівеста ўся ў лентах убраная, у фаце, і ленты не завязаныя, а так во длінныя, адзета красіва, а жаніх ў касцюмі, белая рубашка на ём. Як маладыя. Раней казалі: Васіль і Маланка. Да. Так называлі. Ета, штоб абходзіць па дворах, маладая пара была. А ўслед жэншчыны, мужыкі хадзілі пелі”. Называлі Васіль і Маланка альбо жаніх і нявеста? Ну, ета проста па абраду Васіль і Маланка, маладыя штоб былі, штоб красіва вашлі ў дом маладыя. Паздраўляюць людзей, спрашыяць іх, ці можна зайці, ці можна пець. І пелі “Звязду”. (Ад п-кі з в. Чырвоны Кут Ліцвінавай А. Д., 1932 г. н., зап. Лапацін Г. І. 19 раўня 2006 г. 2005 г., у Ветцы. Сш.  63.   Ар. 19).

3. Афанасьев А. Н. Поэтические воззрения славян на природу.  Т. 1. М., 1995. С. 65.

4. Адносна апошняга дастаткова пераканаўча наступнае:   “Дажчу не было, дак Стрялу вадзілі. На тую Стрялу сабіраліся. Прымерна, Стряла эта на Ўшэсцця, а як дажчу німа, дак сабіралісь бабы да і пелі такія песні, па пасёлку хадзілі. Тады і пойдзя дожч. Пробывалі. Былі такія гады”. (Ад п-кі з в. Падкаменне Костачка Ф. І.   1930 г. н., зап.  Лапацін Г. І. у в 2006 г. у Ветцы. Сш. 2. Ар. 16).

5. У дадзеным выпадку мы скарысталіся ідэямі, выказанымі: Познанским Н. П. в книге “Заговоры. Опыт исследования происхождения и развития заговорных формул”. М., 1995 (Репринт. Петроград. 1917. С. 31. и Дж. Дж. Фрэзерам в книге: “Золотая ветвь”. М., 1980. С. 158-163.

6. “І ёрья яны прыгатовяць. Мужчыны гаворяць: “Дунька, ты ж штаны харошыя надзень”. — “А ета вы бачылі? Надзену такія, якія мне наравяцца!” І, вот, зад распораны, і яна лятву ету пакажа. ”. (Ад п-кі з в.Амяльное Грэцкай В. А., 1925 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2006 г. у  Ветцы. Сш. 117. Ар. 89-90)

7.“Калісь, дзед і баба, ужо, а паўз адзін бок ідзець красівыя — пан і паненка, а па другі — дзед і баба. І за дзедам і за бабам большы плоймы”. (Ад п-кі з в.Амяльное Грэцкай  В. А., 1925 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2006 г. у  Ветцы. Сш. 117. Ар. 89.

8. Ад ж-кі в. Хальч Корнікавай М. Ф., 1929 г. н., зап. Лапацін Г. І.  У  2005 г.     Сш. 97. Ар. 119.

9. Раманава Л. Д. “Як ішла страла…” — Роднае слова, 2003, 3. С. 99-102.

10. Апошняе дастакова празрыста прасочваецца ў наступным: “Перад прыездам маладой прыбяруць стараю бабу, гардзінай абматаюць, вянок на галаву начэпяць. Прывядуць этую старую да жаніха. Ён кажа: “Эта не мой тавар. Я к этаму не прызнаюся!” А яна: “А на што ты вяселле   збіраў, а цяпер ад мяне адмаўляешся? Эта ты ўчора не разгледзіў. А я такая ж!” Да ішчэ прыкульгівая”. ( Прыводзіцца па публікацыі: Лапацін Г. І. Сямейна-шлюбныя абрады. — Памяць. Кн. 2. Мн., 1998. С. 409). Жэншчыны, кагда былі бірэменыя, скрываліся, штоб іх ні відзілі, ні зглазілі. (Ад п-кі з в. Бесядзь Івашчонак Л. М., 1937 г. н., зап Лапацін Г. І. у 2005 г.  у Ветцы. Сш. 12. Ар.12).

 

Аўтар: Генадзь Лапацін

Крыніца: VІІІ Міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя Сцяпану Некрашэвічу. Зборнік навуковых артыкулаў. У дзвюх частках. Ч. 2.  / Рэдкал. А.А. Станкевіч [і інш.]. Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2007. — С. 205-210.