Аб лінгвагендэрным і этнакультурным асэнсаванні аповесці Івана Шамякіна “Шлюбная ноч”

0
134
Аб лінгвагендэрным і этнакультурным асэнсаванні аповесці Івана Шамякіна Шлюбная ноч

Аповесць Івана Шамякіна “Шлюбная ноч” займае асобнае месца ў беларускай ваеннай прозе: яна прысвечана тэме кахання ў часы вайны. Складаныя, супярэчлівыя інтымныя перажыванні герояў, эратычныя матывы ў гэтым творы па-майстэрску “ўплецены” ў падзеі вайны, у побыт і псіхалогію людзей, што аказаліся пад акупацыяй нямецкіх войскаў. Гэта, па словах А. Івашчанкі, – “захапляльны экшн пра партызанаў і падпольшчыкаў, што трымае ў напружанні ад першай да апошняй старонкі поруч з нежартоўнымі любоўнымі пачуццямі” [4]. Экстрэмальныя падзеі вайны, паўсядзённае “балансаванне” паміж жыццём і смерцю высвечваюць як высокія, так і нізкія рысы характару людзей. Нягледзячы на трагічны фінал, аповесць мае жыццесцвярджальны, аптымістычны характар. Менавіта гэтая ідэя – “Вайна не можа спыніць адвечны жыццёвы лад” – падкрэсліваецца Г. Егарэнкавай у крытычным артыкуле, прысвечаным аповесці “Шлюбная ноч” [3].

Характэрная мастацкая асаблівасць разглядаемага твора – выкладанне падзей “ад першай асобы” – ад імя партызанскай сувязной Валі, якая выконвае важнае даручэнне камандвання: праводзіць ляснымі сцежкамі ў Гомель разведчыцу Машу для здзяйснення сакрэтнага задання. У аповесці, такім чынам, прадстаўлена “жаночая карціна свету”: усе з’явы і падзеі чытач успрымае “праз прызму” жаночага светапогляду, але выключную асаблівасць надае гэтаму тая акалічнасць, што ў духоўны свет сваёй гераіні “пранікае” таленавіты пісьменнік, імкнучыся паказаць не толькі яе “агульначалавечыя” пачуцці (патрыятызм, вытрымку, нянавісць да ворагаў), але і спецыфічна жаночыя (часам – вельмі інтымныя) пачуцці. Са сказанага вынікае, што тэкст аповесці “Шлюбная ноч” мае выразную перспектыву аналізу ў аспекце гендэрнай лінгвістыкі – напрамку мовазнаўства, што вывучае наяўнасць у мове і тэксце стэрэатыпных уяўленняў аб жанчынах і мужчынах (гл. [5, с. 25–95]).

З самых першых радкоў аповесці мы адчуваем, што сувязную Валю ахопліваюць складаныя, супярэчлівыя пачуцці. Спачатку яна ўспрымае разведчыцу-расіянку, з якой ідзе па лесе, не проста станоўча, але амаль з захапленнем як прадстаўніцу далёкай і таямнічай рэчаіснасці, недаступнай для простай дзяўчыны з Камарынскага раёна. Валя мяркуе, што яе новая знаёмая ў мірным жыцці была або журналісткай, або артысткай, бо гэтыя прафесіі звязаны рамантыкай, творчасцю, папулярнасцю, з цікавым і насычаным значнымі падзеямі жыццём. Пры апісанні першай сустрэчы галоўных гераінь аповесці аўтар выкарыстоўвае выключна пазітыўна ацэначную лексіку, у тым ліку – словы, што характарызуюць спецыфічна жаночае светаўспрыманне: Мы абняліся, як сёстры. Я цалавала яе, як закаханая, – у вусны, у вочы, у лоб, горача, удыхаючы зусім не нашыя лясныя, партызанскія пахі. Ад яе пахла па-мірнаму, па-жаночаму – добрым мылам, нейкай іншай парфумай, новымі рамянямі, свежым адзеннем. Акрамя таго, па дарозе ў Гомель Валя пераконваецца, што Маша – сапраўдная разведчыца: яна валодае “японскімі прыёмамі” рукапашнага бою, выдатна страляе з аўтамата, не губляецца ў складанай сітуацыі. Ёсць іншыя відавочныя перавагі расіянкі: яна няблага спявае пад гітару (у яе “прыгожы, нейкі цёплы, задушэўны, праўдзівы голас”), свабодна валодае замежнымі мовамі і ўвогуле да вайны яна “жыла ў другім свеце – інтэлегентным”. Усё гэта, відаць, раздражняе партызанскую сувязную, і ў думках яна дае Машы з’едлівыя характарыстыкі: гараджаначка, беларучка, пані, ваяка, святая наіўнасць. “Кампенсуючы” ўласныя непрыемныя перажыванні, імкнучыся хоць неяк прынізіць “чужыніцу”, Валя ў размове з ёю выкарыстоўвае даволі грубыя, па-жаночы абразлівыя словы: А ты звалілася з неба, як мадонна; Не цягніся, як чарапаха. Не бойся запэцкаць свае тоўстыя ляшкі.

Галоўныя ж перажыванні Валянціны звязаныя з успрыманнем знешнасці разведчыцы, якую яна не без падстаў называе прыгожай. Але прыгажосць, з пункту погляду разважлівай і вопытнай сувязной, – з’ява ў іх няпростай сітуацыі непажаданая: “Трэба ісці! Бо, адчуваю, набяруся з ёю бяды на пастах перад горадам, якія не абыдзеш. Вельмі ж кідаецца яна ў вочы, гэтая Маша. Асабліва мужчынам”. Аднак справа тут не толькі ў партызанскай абачлівасці і асцярожнасці. Валя яшчэ і па-жаночы зайздросціць Машы, якая мае відавочную перавагу перад дзяўчатамі-партызанкамі, бо ў яе, па-сучаснаму кажучы, больш высокі “жаночы рэйтынг”, аб чым сведчаць прыведзеныя ў наступным кантэксце кантрастныя азначэнні: У атрадзе хлопцы хадзілі за ёй следам і ажно аблізваліся, як каты. Прыгожая. Незвычайная. Гладкая, белая. У новенькім камбінезоне. Не тое, што мы, пракураныя, прасмаленыя, абтрэпаныя, з парэпанымі рукамі і нагамі, аблупленымі насамі і худзенныя – адны маслакі тырчалі. Несумненна непрыемнымі для яе былі і праявы мужчынскай “галантнасці” ў адносінах да Машы: П’янаваты Валодзя Арцюк падаў на калені і цалаваў ёй рукі. Па-жаночы крыўдна было бачыць Валі супрацьлеглыя адносіны да яе і Машы і з боку сустрэтых партызан: Са мной партызаны віталіся, як са сваёй, не звяртаючы асаблівай увагі, ведалі – сувязная брыгады; Машу, бессаромныя, з’ядалі вачамі. Не дзіва – новенькая, і такая красуня.

Асобнае месца ў моўнай тканіне аповесці “Шлюбная ноч” займае саматычная лексіка – своеасаблівы “цялесны код”, які “прапускаецца” пісьменнікам праз успрыманне галоўнай гераіні. З аднаго боку, яна шчыра любуецца знешнасцю Машы, не абміноўваючы дэталяў: Яна асцярожна правяла па парэзах пальцамібелымі, пульхнымі, з прыгожымі ногцямі. Асабліва ўважліва партызанка разглядае твар Машы, калі тая бесклапотна спіць: Я залюбавалася яе тварам, у сне ён быў яшчэ прыгажэйшы, белы-белы, у кароне залацістых, чуць кучаравых валасоў, з чорнымі, як падмаляванымі бровамі, <…> а вусныпрыпухлыя, як у дзіцяці, <…> сакавітыя, што малініны, ніколькі не засмяглыя ад спякоты, як у мяне.

У партызанскай сувязной ёсць вельмі сур’ёзныя падставы параўноўваць свае “знешнія дадзеныя” са знешнасцю Машы і пакутліва перажываць з-за гэтага: увесь час яна не забывае, што, у адпаведнасці з загадам камандзіра, павінна адвесці гэтую красуню ў Гомель да Сцяпана Жданка – яе хлопца, яе каханага, з якім яна перажыла шчасце першай у сваім жыці блізкасці – духоўнай і фізічнай. Два непадзельныя пачуцці – страх страціць любімага і “патэнцыяльная”, нічым яшчэ не справакаваная рэўнасць да магчымых інтымных адносін паміж яе Сцяпанам і чужаніцай Машай – не пакідаюць дзяўчыну: З прыступам страху і рэўнасці я падумала, што такія вусны хочацца пацалаваць, што <…> для хлопца гэта вялікая спакуса. Прыгажосць, прывабнасць Машы – рэальная прычына для Валіных жаночых, “бабскіх” трывог і страхаў: Трывога мая была за… Сцяпана. Па-бабску спалохалася прыгажосці яе “Нядобрае пачуццё” – рэўнасць – не адпускае дзяўчыну, яна лёгка паддаецца наўмысным “правакацыям”: І ў мяне зноў варухнулася нядобрае пачуццё, зноў я падумала, да каго я павінна прывесці яе; Валодзя груба капануў мае бабскія страхі, сумненні, рэўнасць, якія я старалася закапаць глыбей.

У дадзеным выпадку не зусім падыходзіць слоўнікавае значэнне слова рэўнасць – ‘пачуццё пакутлівага сумнення ў чыёй-небудзь вернасці, падазрэнне ў каханні да каго-небудзь другога’: у Валі няма рэальных падстаў не верыць Сцяпану, сумнявацца ў яго каханні. Але менавіта гэтая магчымая, “віртуальная” рэўнасць – “рэўнасць загадзя” – прыносіць гераіні вялікія душэўныя пакуты. Калі М. А. Бярдзяеў зазначаў, што “жаночая рэўнасць <…> ператварае жанчын у фурыю” [2, с. 374], то, несумненна, ён меў на ўвазе сітуацыю, пры якой жанчына раўніва ставіцца да мужчыны. У аповесці ж “Шлюбная ноч” жаночая рэўнасць накіравана на іншую жанчыну – на “суперніцу”, якую яна пастаянна бачыць перад сабой і якая хоць і ўяўна, магчыма, але ж можа перайсці ёй дарогу, “адбіць” адзінага ў яе жыцці мужчыну. І ад гэтага пачуццё рэўнасці становіцца больш абвостраным і балючым.

Менавіта таму амаль што ключавымі словамі ў тэксце становяцца “эратычна маркіраваныя” цялесныя намінацыі вусны, грудзі, ногі, калені. Як ужо адзначалася, Валя невыпадкова параўноўвае Машыны “пянкноты” са сваім целам: Маша падняла доўгую сялянскую спадніцу, агаліўшы прыгожыя калені. Я паглядзела на свае ногі, параўнала іх з яе нагамі. Ногі мае таксама па-жаночаму прыгожыя, не горшыя, чым яе, толькі ступня больш шырокая <…> Захацелася таксама вышэй падняць спадніцу і параўнаць нашы калені, але зрабілася сорамна. Больш таго, знешні выгляд Машы і звязаныя з гэтым пакуты рэўнасці спрыяюць нараджэнню ў Валі крымінальных намераў – “выключыць з гульні” саперніцу, пайсці на злачынства нават коштам уласнага жыцця: Нейкі час я <…> глядзела на яе грудзі <…>, на твар <…>, на ногі не магла глядзець, быццам было ў гэтым нешта саромнае, грэшнае <…> З’явілася недарэчная думка: кінуць яе тут, сонную і вярнуцца ў брыгаду. Няхай мяне расстраляюць за тое, што я не выканала задання. Урэшце адбываецца своеасаблівы метанімічны перанос у сферы пачуццяў гераіні: непрыязнасць да асобных частак цела разведчыцы выклікае ў партызанскай сувязной неадступную непрыязнасць да сваёй суперніцы, што знайшло выражэнне ў слове ненавідзець: Я зірнула на яе калені, на белыя ногі вышэй каленяў і адчула, што ненавіджу гэтыя выпеставаныя гладкія ногі. Жах! Упершыню я вяла чалавека, якога ненавідзела.

Невыпадковай у творы з’яўляецца наступная (і вельмі ўдалая) мастацкая дэталь: парашут Машы, на якім яна спускаецца на зямлю, на нейкі момант закрывае на начным небе ад Валі зорку Венеру, названую імем багіні кахання: сапраўды, раптоўнае з’яўленне разведчыцы, хоць і ўяўна, але “закрывае” сабой, “засланяе” ад Валі яе каханне.

Толькі ў адным эпізодзе аповесці, калі Валя і Маша купаюцца ў Сажы, мы бачым дэманстрацыю жаночай перавагі галоўнай гераіні. Спачатку яна, як зачараваная, глядзіць на распранутую Машу і, як звычайна, “камплексуе”, адчуваючы сваю сваю “непаўнацэннасць”: Такое жаночае цела я бачыла толькі ў музеі, у палацы Паскевіча <…> Я замерла ад зачаравання і пахаладзела ад страху. Хіба магу я параўнацца з такой красуняй? Яна – што багіня. Але раптам, убачыўшы на целе Машы – на яе жываце і грудзях – яўныя адзнакі жанчыны, якая была цяжарная, нараджала і карміла дзіця, Валя адчувае сваю значнасць, свой больш высокі “жаночы статус”, з-за чаго адбываецца “развянчанне”, “прызямленне” “багіні”: Перада мной стаяла не багіня – звычайная жанчына, такіх я бачыла ў лазні. Менавіта – жанчына. У Валі знікае пачуццё сораму і з’яўляецца зразумелае жаданне дэманстрацыі сваёй “жаночай вартасці”: янавыстаўляла яго [сваё цела] Машы, грудзі свае выстаўляла, маленькія, цвёрдыя, пругкія, як недаспелыя грушы”.

Увогуле гэтае жаночае суперніцтва настолькі захапляе чытача, што падзеі вайны і заданне камандвання адступаюць на другі план і амаль што забываюцца. Але раптам асабліва вялікую значнасць набывае эпізод, у якім ярка выражаная эротыка выступае не як аб’ект мужчынскіх памкненняў, а як суб’ект, што нясе помсту, пакаранне ворагу і прыводзіць да фізічнага знішчэння паліцая. Маша бязлітасна забівае здрадніка, і яе твар пры гэтым адлюстроўвае цэлую гаму адпаведных пачуццяў – нянавісць, злосць, гнеў, грэблівасць, агіду. Але за некалькі секунд да натуралістычнай сцэны забойства мы бачым не менш натуралістычную эратычную сцэну: Маша ўсё адно ішла да яго, павольна віхляючы клубамі, як бы дражнячы <…> Маша правяла рукаміі па грудзях, потым па жываце, па сцёгнах, расціраючы кроплі сонца. “Хораша?” – спытала яна весела. Пры гэтым жаночая галізна выклікае не адчуванне непрыстойнасці, а захапленне прыгажосцю жаноцкасці, якая адважна процістаіць смерці і перамагае яе.

На наш погляд, прыведзены эпізод можа быць інтэрпрэтаваны і ў этнакультурным аспекце як падсвядомае (ці свядомае?) адлюстраванне пісьменнікам у мастацкім тэксце добра вядомых у народнай духоўнай культуры праяўленняў засцерагальнай магіі, абавязковай умовай якіх з’яўляецца рытуальнае агаленне жанчыны. Так, у розных рэгіёнах Славіі голыя жанчыны абворвалі вёску, каб засцерагчыся ад засухі і эпідэмій; абыходзілі дом і двор з упэўненасцю ў тым, што сюды цэлы год не пройдзе нячыстая сіла; абягалі дом у час пажару, каб спыніць агонь; білі сярпом па зямлі, каб пазбавіцца ад кратоў, і інш. [1, с. 356–357]. Вельмі выразны рытуал, які па свайму ўнутранаму сэнсу і накіраванасці можа быць суаднесены з разглядаемым эпізодам аповесці “Шлюбная ноч”, зафіксаваны збіральнікамі па Палессі: пры лячэнні эпілепсіі голая жанчына садзілася на закрыты чорнай анучай твар хворага са словамі “Чым нарадзіла, тым і накрыла” [1, с. 357]. Яшчэ больш выразны выпадак “нейтралізацыі” рытуальна аголенай жанчынай ворагаў, якія ўзялі ў асаду горад, прыводзіць у адной са сваіх работ акадэмік М. І. Талстой. Вучоны раскрывае міфалагічныя вытокі алагічнага з пункту погляду назіральніка (гл. назву работы) учынку жанчыны-варажбіткі, якая, агаліўшыся, выходзіла на гару перад ворагамі і праклінала іх [6, с. 6]. Гераіня шамякінскай аповесці сваёй асляпляльнай галізной не толькі пасіўна процістаіць ворагу, але і свядома забівае яго, літаральна накрываючы паліцая сваім целам, і таму ўспрымаецца ў кантэксце вышэйсказанага як жыццесцвярджальны сімвал, што мае архетыпічныя карані.

Такім чынам, тэкст аповесці Івана Шамякіна “Шлюбная ноч” дае магчымасць выяўлення ў ім гендэрна маркіраванага і этнакультурнага падтэкстаў.

Літаратура

  1. Агапкина, Т. А. Нагота / Т. А. Агапкина, М. М. Валенцова, А. Л. Топорков // Славянские древности: этнолингвистический словарь в 5 т. / под общей ред. Н. И. Толстого. – М.: Междунар. отношения, 2007. – Т. 3. – 693 с.
  2. Бердяев, Н. А. Судьба России. Самопознание / Н. А. Бердяев. – Ростов н/Д: Изд-во «Феникс», 1997. – 544 с.
  3. Егарэнкава, Г. Вайна не спыніла жыццё / Г. Егарэнкава // Полымя. – 1977. – № 4. – С. 232–236.
  4. Івашчанка, А. Эратычныя сцэны ў беларускай прозе / А. Івашчанка [Электронны ресурс]. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/%20transcript/1846510.html.
  5. Коваль, В. И. Язык и текст в аспекте гендерной лингвистики / В. И. Коваль; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. – Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины. – 217 с.
  6. Толстой, Н. Н. «…Выходила потаскуха в чем мать родила» / Н. И. Толстой // Живая старина. Журнал о русском фольклоре и традиционной культуре. – 1994. – № 4. – С. 6–7.

Аўтар: У.І. Коваль
Крыніца: Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў: матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі, г. Мазыр, 22-23 красавіка 2010 года – Мазыр : МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010. – С. 137-140.