“А Гомель на гарэ – па тры шлюхі ў дварэ”, або Жменька колішніх стэрэатыпаў пра наш горад і яго жыхароў

1
2584
шлюхі і гісторыя Гомеля або мясцовае паданне

Пагутарым пра стэрэатыпы. Некалі даўным-даўно, чытаючы знакаміты твор Яна Баршчэўскага (так-так, пра шляхціца Завальню і яго шчодрых на дзівосныя гісторыі гасцей), я звярнуў увагу на чатырохрадкоўе:

Кошка Цяліцу забіла.
Жук, Жаба Кошку судзіла.
А як справа стала кепска –
Перанеслі да Віцебска.

Міжволі запытаў сябе: а што павінны былі ўчыніць паны і якія дзіўныя прозвішчы ў іх мусілі быць, каб справу перанеслі да Гомеля? Адказу не было. Згадкі іншых беларускіх гарадоў ці іх жыхароў раз-пораз трапляліся ў розных прыказках і прымаўках, заключаючы ў сабе той ці іншы градус стэрэатыпнасці. “Кепска ў Менску, пане Каранеўскі” ці “У Мінску па-свінску”. “Мсціслаўцы – недасекі” ці “Майстар з Міра: што цяў, то дзіра”. За імі чамусь згубілася сцверджанне: “Гомельцы – салаеды”, на якое я чамусь не звярнуў увагу, калі ў юнацкія гады гартаў зборнік “Прыказкі і прымаўкі” з серыі “Беларуская народная творчасць”. Але страшна цешыўся сустрэтым у нейкай публікацыі дыялогам, які нагадваў, што Гомель усё-ткі быў у нашага народа на языку.

– А за Гомлем людзі ё?
– Ё, толькі дробненькіё!

Цешыўся і варажыў, хто яго прыдумаў і дзе той прыдумшчык знаходзіўся, так бы мовіць, тэрытарыяльна: у самім Гомелі, пазіраючы з узгоркаў у напрамку, напрыклад, Якубоўкі, ці з іншых прастораў Беларусі, бачачы ў нашым горадзе яе граніцу, за якой народ ужо не той?

Пра гомельцаў-салаедаў выпала ўспомніць значна пазней. Гэтае акрэсленне прыводзіў наш зямляк Еўдакім Раманаў у першым выпуску “Белорусского сборника” (1885 г.). “Жители Гом[ельского] у[езда] славились зажиточностью”, – тлумачыў ён сэнс гэтага выразу. Уласна, з яго публікацыі гомельцы-салаеды і трапілі ў згаданы вышэй зборнік прыказак і прымавак пад рубрыкай “Празванні жыхароў розных мясцовасцей”. Між тым выраз прыпамінаецца ў артыкуле “З Гомельскага Палесся”, апублікаваным у пецярбургскай польскамоўнай газеце “Kraj” у жніўні 1884 г. Аўтар, які схаваўся за крыптонімам Z.P., між іншага зазначаў: “Калісь люд Гомельскага павета слыў вельмі заможным, і нават яшчэ сёння, калі гомельскі селянін завандруе кудысь далёка, то іншыя сяляне яго называюць “гомелец-салаед” (homelecsałojed), то бок чалавек багаты настолькі, што можа харчавацца салам”. Выраз, відаць, так прыклеіўся да гомельскага люду, што нават вядомы географ Веніямін Пятровіч Сямёнаў-Цян-Шанскі не прамінуў яго згадаць у адпаведным раздзеле шматтомнага геаграфічнага апісання Расійскай імперыі (1909 г.): “Гомель торгует лесом, шерстью, пенькой, льняным и конопляным маслом, салом (гомельцы – “салоеды”)”. Зрэшты, ёсць адзін нюанс: цікава было б даведацца, як на гэтае празванне гамяльчан рэагавалі гомельскія яўрэі, якія складалі трохі больш за палову ад усіх жыхароў Гомеля паводле перапісу 1897 г. Упэўнены, што на гэты конт у іх мусіў існаваць не толькі ўласны пункт погляду, але і дасціпны каларытны жарт.

У згаданым ужо артыкуле “З Гомельскага Палесся” ёсць след яшчэ аднаго стэрэатыпа. “Кажуць, што Гомельшчына калісь была для Польшчы тым, чым Сібір з’яўляецца для Расіі; ёсць звесткі, што цяжкіх злачынцаў асуджалі на выгнанне сюды”, – паведаміў аўтар, меўшы на ўвазе часы Рэчы Паспалітай. Пэўны грунт гэтае паведамленне мае.  Так, у “Опыте описания Могилевской губернии” (ч. 1, 1882 г.) тлумачэнне патрэбы выгнання сіламі расійскага войска старавераў з Веткаўшчыны ў 1763 г. (т.зв. “другая выганка”) аздабляецца такім пасажам: “Вдали от Ветки, по лесам, развелись многочисленные скиты и келии, в которых проживали не только монахи, но и укрывшиеся от суда и наказания беглые воры и разбойники; последние продолжали разбойничать и по дорогам на русской границе, так что путь сделался непроходимым”. Вядома, тут гаворка не пра ссыльных злачынцаў Рэчы Паспалітай, а пра ўцёклых разбойнікаў з неназванай дзяржаўнай прыналежнасцю, але некаторае перагукванне між сцвярджэннямі ёсць.

Цікава, што вобраз “польскай Сібіры” сустракаецца ў лісце паэта і фалькларыста Аляксандра Рыпінскага да пісьменніка і журналіста Адама Плуга: “Можа, дарэмна мы горнемся да гэтай няшчаснай Польшчы, як народжаныя на Русі, якую і даўней, здаецца, ужо называлі польскай Сібір’ю” (1883 г.). Відаць, вобраз гэты быў абыходкавым сярод патрыётаў, якія да пэўнае пары настальгавалі па Рэчы Паспалітай.  “Народжаныя на Русі” Рыпінскі і Плуг былі ўраджэнцамі Віцебшчыны і Случчыны адпаведна. Відаць, “Русь” для іх была сінонімам тагачаснага рэгіянальнага паняцця “Беларусь”. Ці лічыў той жа Рыпінскі Гомель часткай гэтай “Русі”, сказаць адназначна нельга. Як нельга сказаць, ці не для трапнага слоўца дапісчык газеты “Kraj” агульны стэрэатып перанёс на гомельскі край.

Не магу не заўважыць, што Еўдакім Раманаў апублікаваў у сваім зборніку ўсяго толькі восем народных песень пад рубрыкай “Разбойничьи, арестантские”, і да Гомеля з іх могуць мець дачыненне хіба чатыры. У адной з такіх песень, зафіксаванай у Беліцы, знаходзім стандартны для турэмнага фальклору смутак па свабодзе і спадзеў на вызваленне:

Як запалача, загоруе молодец,
за рашоткой за зелезной седючи,
на своих жа товаришов гледючи:
«Ох вы братцы, вы товариши мое,
ти с одной мы стороночки з вами?
Вы поедете, братцы, скоро домов,
вы накажите, братцы, моей матушки родной:
Нехай моих сивых волов продаеть,
нехай мене з неволюшки выручит
ь!»

Ведаеце, што гэтаму “молодцу” адказала маці? А вось што: Проподай ты, мой сыночак, у турме – нехай же сивые волики ўсе будуть при мне. Такое сабе “но не «очко» обычно губит, а к одиннадцати туз” па-беліцку.

У рубрыцы ж “Юмористические” Еўдакім Раманавіч змясціў прыпеўку, якая можа сведчыць пра існаванне ў другой палове ХІХ ст., не толькі мясцовых стэрэатыпаў, але і спецыфічнага пачуцця гумару нашых тагачасных землякоў:

А Гомель на горе –
по три шлюхи у дворе,
а мы з вобыском пойдем,
по пяти в дворе найдем.
Якубовка у лощини,
ее черти затащили.
Севруковцы козолупы –
Неподроблены тулупы.
А Белица на закате –
кучеравые рабяты.

Як бачым, ад беліцкіх “кучаравых рабят” перцу з імберцам дасталася ці не ўсім бліжэйшым суседзям. Ці адказалі тыя беліцкім, мне, на жаль, невядома. Але глеба для векапомных боек “раён на раён” пачала рыхтавацца задоўга да другой паловы ХХ ст.

Сяргей Балахонаў