50-гадовы юбілей Анатоля Сыса адзначылі на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў святам паэзіі “Дух – гэта, людзі, Я!” 31 кастрычніка.
Сябры ГМКГА “Талака” наведалі мерапрыемства.
Чытайце агляд і праглядайце відэа!
Днём марозным і трошку сонечным на Гарошкаўскіх могілках адбылося ўскладанне кветак да помніка паэту. Там жа запалілі свечкі. Была хвіліна маўчання.
Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці, а памёр 4 траўня 2005 году.
Каб успомніць паэта, у Гарошкаў прыехалі літаратары, барды, мастакі, сярод якіх былі сябры, землякі, прыхільнікі творчасці Анатоля Сыса: Міхась Скобла, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Барыс Пятровіч і шмат іншых.
Пасля наведвання могілак людзі прыйшлі да хаты, дзе жыў Анатоль Сыс. На сцяне, пад белай прасцінкай, хавалася шыльда ў гонар паэта. Яе неўзабаве адкрылі Эдуард Акулін і Павел Лук (аўтар шыльды).
На падворку распачаліся выступы. У гэты дзень на Палессі выпаў першы снег, а на вуліцы нават удзень замярзала вада. Таму праграму свята давялося крыху скараціць. Шмат было прамоваў і вершаў Сысу ад аўтараў. Гэтыя вершы ўвайшлі ў зборнік “Ягамосьць” – кнігу паэтычных прысвячэнняў, якую прэзентавалі тады ж разам са зборнікам паэзіі “Алаіза” Анатоля Сыса. У кнізе “Ягамосьць” – творы сарака паэтаў.
Пісьменнік Алесь Пашкевіч:
“Калі на Беларусі памірае паэт, пра яго павінныя казаць не людзі, а яго вершы“.
Анатоль Вярцінскі:
– Анатоль параўноўваў сваю паэзію з рэлігіяй. Ён таксама ставіў на адну дошку такія паняткі, як паэзія і Беларусь. Яго беларускасць і патрыятызм былі зусім не дэманстрацыйныя і выказаныя не толькі ў вершах, абсалютна шчырыя, памножаныя на яго адметнасць як чалавека.
Са словаў Уладзіміра Някляева, Анатоль Сыс вельмі хацеў, каб яго вершы спявалі.
Колісь, можа, ў жарт, Сыс называў сябе Ісысам. Так, калі ён ставіўся да паэзіі, як да рэлігіі, то сёння яго можна назваць святым духам гэтае паэзіі, прозвішча яго можа на роўных стаяць побач з прозвішчамі Купалы і Багдановіча.
ГМКГА “Талака” зняла відэаматэрыял прысвечаны гэтай падзее.
Праглядаем!
На могілках у Гарошкаве 26 кастрычніка 2009
Выступ Вальжыны Цярэшчанкі і Касі Камоцкай