Гісторыя адукацыі Шацілак: як што было?
1. Справа Вольгі Скалавай
Бадай, гэта адзіны такі выпадак з гісторыі Шацілак у галіне адукацыі, дзе не толькі ёсць крымінальны пераслед настаўніцы, але і ўласная, а не даведзеная “зверху” ініцыятыва адкрыць сваю школу.
Трошкі прадгісторыі. 30 кастрычніка 1871 г. уладальнікам маёнтка Шацілкі стаў рускі чыноўнік Акінфій Скалаў. Яго дачка Вольга Скалава пасля заканчэння ў 1894 г. Пецярбургскіх педагагічных курсаў вярнулася ў Шацілкі. На наступны год разам з маці адкрыла тут школу ў доме памерлага бацькі. Прычым зрабіла гэта не дачакаўшыся афіцыйнага дазволу ўладаў.
Згодна “правілаў” 1892 г., за такія ініцыятывы і “тайныя навучанні” прадугледжваліся строгія пакаранні. Сама яна тлумачыла свой учынак тым, што жыхары Шацілак у сваёй большасці каталікі і іудзеі, а таму з недаверам аднесліся да ідэі праваслаўнай настаўніцы стварыць сваю школу. З’явіліся дзеці толькі трох сямей, таму спужалася, што нічога не атрымаецца з яе задумы і не спяшалася з заявай.
Але дзеці пачалі паступова прыходзіць. Прыходзілі хлопчыкі і дзяўчынкі каталікоў, праваслаўных і яўрэяў ва ўзросце ад 9 да 11 год.
Адукацыя была бясплатнай, вучылі іх грамаце, лічэнню, Закону Божаму і спевам. Займаліся па падручніках, адобраных Свяцейшым Сінодам і Міністэрствам народнай асветы.
Вучэнне вялося на рускай мове і працягвалася да Страснога тыдня. Пакуль Вольгу Скалаву цягалі па судах, яна прасіла святара Чыркавіцкай царквы айца Міхала Самойлавіча зарэгістраваць школу як царкоўнапрыходскую.
Аднак у школе навучалася 22 каталікі, 8 іудзеяў і толькі 3 праваслаўных, што супярэчыла інструкцыі, паводле якой адкрываліся царкоўнапрыходскія школы. Вольгу ў турму не пасадзілі, але і ж працаваць школе не далі.
2. Хедэр у Шацілках
У Шацілках былi не толькі праваслаўная і каталіцкая канфесіi, але і існавала яўрэйская супольнасць. У якую школу хадзіць такім дзеткам? Зразумела ў сваю.
Яшчэ на пачатку ХІХ ст. у в. Парычы былі яўрэйскія малітоўныя школы-хедэры. У канцы стагоддзя, апроч шасці школ у Парычах, хедэры ўжо існавалі ў чатырох вёсках, сярод якіх былі і Шацілкі. У такіх школах у асноўным вывучалі іўрыт і свяшчэннае пісанне — Тору и Талмуд.
Хедэр — яўрэйская рэлігійная пачатковая школа для хлопчыкаў. Свецкія навучальныя дысцыпліны ў хедары не вывучаліся. Па заканчэнні хедэра юнак мог працягнуць вывучэнне Талмуда ў сінагозе альбо паступіць у Ешыбот. Аднак для большасці навучэнцаў адукацыя абмяжоўвалася навучаннем у хедэры.
Пасля розных палітычных ваганняў у 1920-х гг. была зноў адкрыта яўрэйская пачатковая школа (вучылася 65 вучняў), якая размяшчалася ў раёне сучаснага пляжа Светлагорска.
Толькі 17 студзеня 1937 г. бюро Парыцкага РК КП(Б)Б пастанавіла перавесці ўсе школы на беларускую мову навучання, што фактычна перашкаджала навучанню у хедэры і казала пра iх закрыццё.
3. Польская нацыянальная школа
Згодна перапісу насельніцтва, пераважная большасць жыхароў даваенных Шацілак былi католiкамi. Зразумела, што вучыцца іх дзецям трэба было па-польску і ў асобнай школе. Таму тут працавала чатырохгадовая польская школа, якая месцілася ў будынку флігеля былой сядзібы памешчыкаў Скалавых.
А ўжо ў 1930 г. насупраць могілак, побач з касцёлам (які быў разабраны ў верасні 1939 г.), была пабудавана новая школа, якая ўжо называлася польская нацыянальная. Дырэктарам гэтай школы быў С.Б. Кары. З 1937 г. навучанне i там было пераведзена на беларускую мову.
4. Драўляны барак – першая школа ў пасляваенных Шацілках
Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны каля старых могілак працавала Шацілкаўская сярэдняя школа. Пад час вайны яна была спалена і працэс навучання быў часткова спынены. Школа аднавіла сваю працу ў якасці сямігодкі толькі пасля вызвалення Шацiлак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Месцілася ў прыватных дамах.
Затым заняткі з дзецьмі распачаліся ў спехам пабудаваным драўляным бараку, які знаходзіўся на вуліцы Зялёная (раён сучаснага музея).
У 1954 г. школа зноў стала дзесяцігодкай. У ёй працавалi 22 настаўнікі і вучылася 417 вучняў.
Праз два гады школа афіцыйна перасялілася ў новы цагляны будынак па вуліцы Школьная (на фота).
5. Дырэктар Шацілкаўскай школы – сын “ворага народа”
Раман Пятровіч Зямлянскі быў дырэктарам СШ №1 (пераемніца Шацілкаўскай школы) з 1954 па 1959 гады.
Сам ён нарадзіўся ў 1917 г. ва Украіне ў сям’і беларусаў. Адтуль з сям’ёй пераехаў на Радзіму, дзе ў 1937 г. яго бацька стаў ахвярай рэпрэсій.
Кляймо ганьбы “сына ворага народа” не дало яму скончыць педагагічны інстытут у Гомелі, аднак праз пэўны час гэта мара ўсё ж такі здзейснілася. Прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад старшыні да камандзіра выведкі і вярнуўся дадому ў в. Васілевічы.
У 1954 г. быў назначаны дырэктарам тады яшчэ Шацілкаўскай школы. На гэтай пасадзе ён быў не доўгі час: калі ў аддзел адукацыі трапіла скарга на Рамана Пятровіча, у якой было згадана, што ён сын “ворага народа”, яго прызначылі завучам.
А ў 1959 г. перайшоў працаваць у тэхнікум.
Аўтар: Дзяніс Рунец