З гісторыі рэлігійнага жыцця на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна (XIX – пачатак XX ст.ст.)

0
1373

Тэрыторыю сучаснага Светлагорскага раёна ў дасавецкі лерыяд складалі Парыцкая і Чэрнінская воласці Бабруйскага, а таксама Карпавіцкая і Якімава Слабадская воласці Рэчыцкага паветаў. Пераважная большасць насельніцтва гэтых тэрыторый на­лежала да праваслаўнай канфесіі. Некалькі вёсак у Парыцкай воласці былі населены стараабрадцамі. Зусім нешматлікімі былі іаніты – паслядоўнікі знакамітага праваслаўнага святара Іаана Кранштацкага. Каталіцкае насельніцтва канцэнтравалася ў ваколіцы Шацілкі, дзе знаходзіўся касцёл. Нарэшце, іудэі пражывалі ў мястэчку Парычы, атаксама ў некаторых іншых населеных пунктах.

Як ужо адзначалася вышэй, пераважную большасць насельніцтва складалі праваслаўныя. На Светлагоршчыне знаходзілася даволі шмат цэркваў, але лёс да іх быў бязлітасны: ні адна з іх не захавалася да нашага часу.

3 апісанняў бачна, што ўсе яны былі драўляныя. Выключэнне складала толькі каменная царква пры Парыцкай жаночай вучэльні духоўнага ведамства. Гэта царква была пабудавана ў 1863 г. вотчынным уладальнікам Міхалам Іванавічам Пушчыным1.

Цяжка вызначыць, якая з цэркваў была найбольш старажытная. У кнізе архімандрыта Мікалая чытаем пра царкау ў Якімавай Слабадзе: “1745 года князь Сангушка прызначыў ссыпку хлеба для прычту гэтай царквы”2. Але ў іншым апісанні сказана, што царква ў Якімавай Слабадзе была пабудавана ў 1854 г. вотчыным уладальнікам Адамовічам3.Верагодна, што новая царква была пабудавана на месцы рэшткаў больш старажытнай. У 1753 г. у Яўтушкавічах(зараз в. Прасвет) была пабудавана царква мясцовым памешчыкам Корсакам4. 3 літаратуры вядома, што ў ёйзнаходзілася 13 абразоў цалкам зграбнага пісьма, якія размяшчаліся на іканастасе ў тры рады5.

Князі Сангушкі былі таксама дабрачынцамі цэркваў у Астроўчыцах (пабудавала ў 1800 г.) і ў Какуевічах (зараз в.Чкалава). Калі была пабудавана апошняя – невядома, але як вельмі трухлявая яны была на доўгі час зачынена ў 1845 г., хоць прычт гэтай царквы працягваў сваю дзейнасць.

Невядома, ці былі цэрквы ў Якімавай Слабадзе і ў Яўтушкавічах у ХVІІІ ст. праваслаўнымі або належалі ўніятам. Наогул, звесткі аб уніяцтве ў краі вельмі скупыя. У 1796  г. царква ў в.Славані была пераведзена з уніяцтва ў праваслаўе6. У апісанні царквы ў Каралеўскай Слабадзе сказана: “У прыходзе ёсць рымска-каталіцкі касцёл, у якімна памяці яшчэ прыхаджан рабілі прыватныя набажэнствы святары з уніятаў7. Таксама можна зазначыць, што да 1839 г. в. Майсеяўка Парыцкай воласці была населена ўніятамі.

Узнікае пытанне: якімі былі ўзаемаадносіны паміж канфесіямі ў разглядаемы перыяд? У асноўным яны былі мірнымі сур’ёзных сутыкненняў на рэлігійнай глебе не назіралася. Аднак улады пільна сачылі за тым, каб не быў парушаны пануючы ўплыў праваслаўя. Гэта можна пацвердзіць наступным прыкладам.

Вольга Акінфаўна Скалава, дачка шацілкаўскага памешчыка, у 1894 г. пасля заканчэння “… Пецярбургскіх педагагічных курсаў, да адшукання ў далейшым адпаведнай выхаванню педагагічнай пасады, вырашыла прыкласцісвае педагагічныя веды да справы ў сваёй роднай вёсць”8.

Што ж з гэтай добрай задумы атрымалася?

Жыхары Шацілак, — у сваёй большасці каталікі і іудзеі, — з недаверам спачатку аднесліся да ідэі праваслаўнай настаўніцы стварыць сваю школу. Але паступова здаровы сэнс узяў верх над рэлігійнай адчужанасцю. Заняткі пачаліся ў пачатку 1895 г, а з надыходам вясны спыніліся. Справа ў тым, што В.Скалава адкрыла школу безналежнага афіцыйнага дазволу. Яна прасіла святара Чыркавіцкай царквы айца Міхала Самойловіча зарэгістравацьшколу як царкоўна-прыходскую. Аднак, у школе навучалася 22 каталікі, 8 іудзеяў і толькі 3 праваслаўных. Гэта супярэчыла інструкцыі, паводле якой адкрываліся царкоўна-прыходскія школы. Адкрыццё ж прыватнага пансіёну, як характарызавала В. Скалава сваю школу, было ў кампетэнцыі не прыходскага святара, а губернскай дырэкцыінародных вучэльняў.

Цікава, што айцец Міхал не забараніў Скалавай праводзіць заняткі. Ён прыняў адзіна магчымае памяркоўнае рашэнне: дазволіў маладой настаўніцы ажыццявіць сваю добрую задуму нават і без афіцыйнага дазволу. Але настаўніца была прыцягнута да адказнасці. Следства цягнулася аж да красавіка 1896 г. і скончылася апраўданнем Вольгі Акінфаўны Скалавай9.

Адгалінаваннем праваслаўнай канфесіі з’яўляліся стараабрадцы (раскольнікі). Як вядома, найбольш вялікай набеларускіх землях была калонія стараабрадцаў у Ветцы. У 1764 г. супраць яе была наладжана другая карная экспедыцыя расійскіх «войск, у выніку якой пасяленні стараабрадцаў у Ветцы былі канчаткова разбураны,насельніцтва разышлося па розных кутках Расійскай імперыі, а частка тых людзей асела ў Бабруйскім павеце.

На Светлагоршчыне стараабрадцы жылі ў вёсках: Завічча, Дражня, Каралёўская Слабада, Мапімоны. Вядома, што ўчас паўстання 1863 г. царскі ўрад імкнуўся выкарыстаць стараабрадцаў у барацьбе супраць паўстанцаў. З стараабрадцаў Парыцкай воласці была сфармавана вайсковая каманда ў колькасці 20 коннікаў. Аднак у баявых дзеяннях супраць паўстанцаў яна не ўдзельнічала, таму што спецыяльная камісія прызнала тую каманду небаяздольнай.

У 1905 г. насельніцтва чатырох гэтых вёсак складалася з 473 душ мужчынскага і 490 душ жаночага палоў10. Жыхары вёсак у тым годзе падалі прашэнне мінскаму губернатару, каб ім дазволілі пабудаваць малітоўны дом у в. Дражні. Хутка з губернскага праўлення прыйшоў адказ, што дадзенае хадатайніцтва не можа быць задаволена, пакуль прасіцелі не прадставяць у губернскаа праўленне: “1) чарцёж мяркуемага да пабудовы малітоўнага дома (план, фасаді разрэз), з планам мясцовасці, дзе мяркуецца пабудова, прычым праект будынка павінен быць вычарчаны ў маштабе 2 сажні ў англійскім дзюйме, і 2) якое-небудзь пасведчанне ці доказ таго, што на пабудову малітоўнага домаёсць ці будзе сабрана неабходная сума грошай”11.

Ці ўдалося прасіцелям выканаць гэтыя ўмовы, у архіўных матэрыялах адказу няма. Згадваецца толькі настаўнік (святар) вёскі Дражні Зіновій Грыцэвіч, які ўдзельнічаў у пасяджэнні губернскай камісіі па выпрацоўцы формыметрычных кніг для стараабрадцаў12.

4-6 ліпеня 1913 г. у Чыркавіцкі прыход прыязджаў епархіяльны місіянер з мэтай правесці гутарку з мясцовымі іанітамі. Спачатку размова ішла з лідэрам чыркавіцкіх іанітаў, селянінам Фёдарам Пішчалам. Місіянер прапанаваў Пішчалу выказацца, як ён і яго аднадумцы глядзяць на шлюб і бесшлюбнасць, мясную ежу, піццё віна і курэнне тытуню. Адказ Пішчалы амаль нічым не адрозніваўся ад афіцыйных поглядаў на гэтыя пытанні. У Здудзічах жа епархіяльнаму місіянеру прыйшлося весці доўгую багаслоўскую спрэчку з мясцовымі іанітамі. Акрамя згаданых вышэй, дыскутаваліся пытанні аб тым, ці быў айцец Іаан Кранштацкі ўвасабленнем Бога на зямлі, ці сапраўды надыходзіць канец свету і ці неабходна агульнасць маёмасці. У выніку дыскусіі місіянер абверг усе сцвярджэнні здудзіцкіх іанітаў.

Нарэшце, з старадаўніх часоў у краі пражывалі габрэі, веравызнаннем якіх быў іудаізм. У 1836 г. у мястэчку Парычы налічвалася 3 яўрэйскія малітоўныя школы. Самая першая з іх была пабудавана ў 1805 г. Ніякіх даходаў школы немелі, а ўтрымліваліся выключна на ахвяраванні мясцовых гаспадароў. Да 1853 г. у Парычах былі пабудаваны двамалітоўныя дамы, якія наведвалі 960 прыхаджан. На чале прыходу стаялі равін Сроль Шуб, а таксама старасты Есель Вульфсан і Аўрам Гарэлік. У канцы 80-х гадоў XIX ст. у Парычах налічвалася 6 яўрэйскіх малітоўных школ і 4 малітоўныя дамы13. Таксама малітоўныя дамы знаходзіліся ў сялібах (так называліся ў той час яўрэйскія калоніі) Коўчыцы і Печышчы. Звычайна малітоўныя дамы доўгі час існавалі без фармапьнага дазволу, пакуль прыхаджаненарэшце не прасілі ў сваіх заявах зацвердзіць сам факт існавання малітоўнага дома ці школы.

Такім чынам, карціна рэлігіійнага жыцця Светлагоршчыны ў згаданы перыяд была вельмі стракатая. Палітычны рэжым пільна сачыў за рэгламентацыяй культавых адпраўленняў. Але ж прабіваліся і новыя пасевы, як гэта бачнана прыкладзе школы В. Скалавай.

Літаратура:

  1. Описание церквей и приходов Минской епархии. Мн. 1879. Т.7. С. 109.
  2. Архимандрит Николай. Историко-статистические сведения о церквях Минской епархии. СПб. 1864. С. 307.
  3. Описание церквей и приходов Минской епархии, Т.8.С. 159.
  4. Там жа. С.66.
  5. Высоцкая Н Ф. Іканапіс Беларусі 15-18 стагодцзяў. Мн. 1992. С.226.
  6. Описание церквей и приходов Минской епархии. Т.8. С. 125.
  7. Тамжа. Т.7.С.71.
  8. НАРБ. Ф.299 Воп2. Спр. 10342. Арк. 1.
  9. Там жа. Арк. 20.
  10. Там жа. Ф.299. Воп.2. Спр. 13327. Арк.1.
  11. Там жа Арк.6.
  12. Там жа. Арк. 33,45.
  13. НАРБ. Ф.299. Воп.2. Спр. 16713. Арк. 37, 64.

Аўтар: Грабянчук І.В. (Светлагорск СШ № 10)

Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ імя Ф. Скарыны.